Итоги республиканской акции «Наши дети» в Городокском районе

Актуальное

  Цэнтральнай падзеяй навагодняй рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» на Гарадоччыне стала раённая дабрачынная ёлка. Пышнае святочнае мерапрыемства ўпершыню за апошнія гады адзначалася ў вядучай установе культуры раёна, Гарадоцкім ГДК. Светлае фае, вялікая глядзельная зала поўніліся галасамі радаснай дзятвы. На раённую ёлку было запрошана больш як 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх — лепшыя ў вучобе, актывісты пазашкольнага жыцця, артысты і спартсмены, а таксама дзеці з апякунскіх, прыёмных, мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды, выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Раней трое дзяцей пабывалі на Прэзідэнцкай ёлцы, яшчэ 25 — на абласной дабрачыннай ёлцы.akciya3

 Павіншаваць з надыходзячым Новым годам і Калядамі, пажадаць здароўя, поспехаў, радасці прыйшлі старшыня райвыканкама П.П. Карабач, яго намеснік па сацыяльных пытаннях Н.А. Бурунова, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Б. Навічонак, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І.А. Дарошчанка.
Галоўнымі ж віноўнікамі ўрачыстасцяў былі дзеці — у адмысловых касцюмах казачных і мульцяшных герояў, што зіхацелі мішурой. Да пачатку прадстаўлення яны ахвотна прымалі ўдзел у гульнявых праграмах, падрыхтаваных настаўнікамі Вархоўскай БШ, Даўгапольскай д/с-СШ, Прудніцкай СШ. Да вырабу дэкарацый, дарэчы, папярэдне далучыліся Пальмінская СШ і Вышадская д/с-СШ. Вялізнымі цікаўнымі вачыма маленькія госці назіралі за казачным дзействам, што разгортвалася на сцэне. Выкладчыкі і выхаванцы калектываў раённага цэнтра дзяцей і моладзі падрыхтавалі для іх вельмі каляровае і захапляльнае тэатралізаванае прадстаўленне з танцамі і песнямі «У гасцях у Карлсана». akciya
Прыкметна захвалявалася са з’яўленнем на падмостках героя-Малыша суседка карэспандэнта, лісічка Паліна. Шэптам, але з гонарам яна паведаміла, што гэтую ролю іграе яе брат Данік, а іх сям’я не так даўно прыехала жыць у Гарадок з Данецка. Зашчымела ў грудзях: дзеці ўратаваліся ў нашым спакойным краі ад вайны…akciya1

  Але часу доўга смуткаваць не было: смешныя рэплікі і выдатная акцёрская гульня развейвала дрэнныя думкі. Песні пра светлыя мары, рамантычныя і энергічныя танцы выконвалі дзіцячыя калектывы ЦДіМ і ГДК. Калі ж напрыканцы прадстаўлення-канцэрта да кампаніі далучыліся Дзед Мароз і Снягурка (на здымку на 1-й стар.) — у сапраўды царскіх уборах, каларытныя, ветлівыя, усмешлівыя — зала захоплена ахнула. Гаспадары свята і іх памочнікі закружылі з малымі карагоды, танцы, гульні, кожнаму дасталіся прызы і салодкія падарункі. akciya2
— Перад намі стаяла задача сфарміраваць 1621 салодкі падарунак для дзяцей, што наведваюць дашкольныя ўстановы і вучняў 1-4 класаў, — расказала галоўны каардынатар акцыі «Нашы дзеці» ў Гарадоцкім раёне Надзея Бурунова. — На самой жа справе падарункаў, і не толькі салодкіх, было зроблена значна больш. Дзякуй усім дабрачынцам, чый уклад дазволіў падтрымаць дзіцячую веру ў цуды!akciya7
Спонсарамі навучэнцаў 1-4 класаў СШ № 1 г. Гарадка выступіла КУВП «Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак»; іх равеснікаў з СШ № 2 г. Гарадка — ААТ «Птушкафабрыка Гарадок»; Езярышчанскай СШ — ААТ «Белаграпрамбанк», а тамашняга садка — КУСГП імя Дзімітрава; Бычыхінскай СШ і садка — УП «Гарадоцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм», КУСГП імя Свярдлова, індывідуальныя прадпрымальнікі; Вышадскай д/с-СШ — ДЛГУ «Гарадоцкі лясгас». За кошт сродкаў бюджэту салодкае было набыта для навучэнцаў малодшых класаў Даўгапольскай, Прудніцкай, Межанскай і часткова Вышадскай школ. Усім навучэнцам Пальмінскай СШ і выхаванцам садка зрабіла падарункі УП «Паўночны»; Віраўлянскай БШ і Загуззенскага д/с — ЗП «Дзецкасельскі-Гарадок»; Вархоўскай БШ і садка — ААТ «Гарадоцкі льнозавод». Ласункі для выхаванцаў гарадскіх садкоў дапамаглі сфарміраваць індывідуальныя прадпрымальнікі горада і прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці; для дзяцей з цэнтра карэкцыйнага развіцця і навучання — Гарадоцкі філіял АУП «Віцебскаблпаліва», а раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра — прадстаўніцтва «Белдзяржстраха» па Гарадоцкім раёне.akciya6
Напярэдадні святаў у апошняй з названых устаноў было асабліва многа гасцей. Нагадаем, СПЦ наведалі прадстаўнікі абласной і раённай вертыкаляў улады. У ліку зробленых імі падарункаў — пральная і швачная машыны, сучасны тэлевізар, наборы дзіцячай мэблі і развіваючых гульняў. Служачыя в/ч 94017 (на здымку з выхаванцамі СПЦ) прэзентавалі ўстанове многафункцыянальную сістэму 3 у 1 (прынтар, сканер, ксеракс), карнавальныя касцюмы, канцылярскія тавары і прыналежнасці. Супрацоўнікі Гарадоцкай МРІЖіРС — фен і машынку для стрыжкі, ТАА «ДЭСТтрэвл», як і прадстаўніцтва «Белдзяржстраха» — сродкі гігіены. І ўсе госці (уключаючы РК БРСМ) — ласункі, якія ўяўляюцца дзецям сімвалам дастатку і жыццёвай стабільнасці. akciya4
Не прамінулі пачаставаць салодзенькім і выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Дворавых і Сапрыкавых. Да таго ж, П.П. Карабачом ім былі ўручаны сертыфікаты на набыццё спартыўнага абсталявання. Таксама спартыўны інвентар падарылі Гарадоцкаму садку № 3 шэфы з птушкафабрыкі, а на тэрыторыі садка № 1, дзякуючы дапамозе Гарадоцкага раёна электрасетак, з’явіліся новыя вулічныя свяцільні.akciya5
Сумна сустракаць Новы год на бальнічным ложку. Каб маленькія пацыенты дзіцячага аддзялення райбальніцы не журыліся, да іх прыйшлі Дзед Мароз са Снягуркай з КАЦ «Гарадок» і сеткі публічных бібліятэк. Падарункі ў іх чырвоны мех паклалі члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Супрацоўнікі Гарадоцкага РАСК па традыцыі сабралі грошы, набылі цукеркі, цацкі і ў вобразах навагодніх казачнікаў адведалі дзяцей, якія маюць пэўныя ступені страты здароўя. Аналагічныя візіты ў мнагадзетныя сем’і, бацькі ў якіх часова не працуюць, нанеслі спецыялісты аддзелаў райвыканкама. Дзеці атрымалі не толькі пакеты з цукеркамі, але і рэчавую дапамогу.
— Надзвычай актыўна ўключыліся ў пераднавагоднюю акцыю «Прафсаюзы — дзецям» пярвічкі прадпрыемстваў і арганізацый, — расказала старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Ірына Дарошчанка. — Акрамя таго, што па меры сваіх магчымасцей прафсаюзы набывалі кандытарскія наборы, многія дзеці членаў прафсаюзаў атрымалі білеты на спектаклі, тэатралізаваныя прадстаўленні, цыркавыя праграмы. У працоўных калектывах былі наладжаны віншаванні на даму, казкі, ранішнікі.
Дарэчы, ранішнікі і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы прайшлі ў кожнай установе, якая тым ці іншым чынам тычыцца дзяцей. Не засталося куточка, куды б ні зазірнула яскравае свята, а калі ўсё ж камусьці не хапіла ўвагі, нагадваем: дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» працягваецца і завершыцца 8 студзеня. Аднак гэта не азначае, што больш не варта рабіць дабро — яно своечасовае заўсёды.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

  На здымках: сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентара і медыцынскага абсталявання У. Сапрыкаву ўручае П. Карабач;

моманты свята.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *