Семеро старшеклассников школ г. Городка стали дипломантами областного этапа предметной олимпиады

Актуальное Образование

  Сямёра старшакласнікаў гарадскіх школ г. Гарадка сталі дыпламантамі абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. У ім у ліку 1062 вучняў 8-11-х класаў з усёй Віцебшчыны прымалі ўдзел 16 прадстаўнікоў СШ № 1 і № 2 г. Гарадка і Пальмінскай СШ. Іх імкненнем было даказаць трывалыя веды па матэматыцы, беларускай і рускай мовах і літаратурах, англійскай мове, геаграфіі, біялогіі, навыках па працоўным навучанні.olimpiadniki

  Зносіны з перадавікамі алімпіяднага прадметнага руху аказаліся нязмушанымі. Усіх рабят аб’ядноўваюць агульныя рысы: яны разумныя, прыгожыя, мэтанакіраваныя, сур’ёзныя і па-юнацку шчырыя, цікаўныя. Усе яны вызначыліся са сваімі прыярытэтамі і намерваюцца абраць прафесіі, прафіліруючымі ў якіх будзе веданне любімых сёння школьных прадметаў.
Знаёмімся: Лаліта Фядотава, вучаніца 11 «А» СШ № 1 г. Гарадка. Яе вучыць Таццяна Адамаўна Баранава. Дзяўчына трэці год запар атрымлівае дыплом II ступені на трэцім, абласным, туры алімпіяды па геаграфіі, летась прымала ўдзел у заключным, рэспубліканскім, туры алімпіяды. Наколькі складанымі былі сёлетнія заданні, можна меркаваць ужо па тым, што канкурсантам проста ў аўдыторыі трэба было скласці праект турысцка-рэкрэацыйнай дзейнасці пэўнага ўчастка.
Юлія Талкачова з 10 «Б» СШ № 1 г. Гарадка (настаўніца Наталля Аляксандраўна Грыбалёва) гучна заявіла пра найвышэйшы ўзровень ведання біялогіі летась, пасля бліскучага выступлення на вобласці, заняўшы першае месца на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. Цяпер яна пацвердзіла невыпадковасць мінулагодняга поспеху: у яе зноў абласны дыплом I ступені.
Анастасія Хрытанькова, навучэнка 10 «Б» класа СШ № 1 г. Гарадка (настаўніца Т.А. Баранава) ужо другі год вяртаецца з абласной алімпіяды з дыпломам III ступені і лічыць, што больш цікавага прадмета, чым геаграфія, не існуе: «Мне надзвычай цікава ўладкаванне свету, усё, што ў ім ёсць…»
Юлія Леўчанка з 9 «В» класа СШ № 1 г. Гарадка пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны Міхайлаўны Салевіч захоплена вывучае беларускую мову і літаратуру. Вынік — дыплом III ступені ў вобласці (летась дзяўчыне не хапіла да прызавога месца паўбала, а сёлета два балы аддзялілі яе ад 2-га месца).
— Заданні на алімпіядзе былі «проста жэсць», — качаючы галавой, усміхаецца вучань Таццяны Аляксандраўны Ласкінай, дзесяцікласнік СШ № 2 г. Гарадка Ілья Ладохін. — З разраду малекулярнай генетыкі. Многіх паставіла ў складанае становішча практычнае заданне: вызначэнне тлустасці малака з дапамогай рэактываў. Сваім вынікам, дыпломам III ступені на алімпіядзе па біялогіі (летась таксама выступіў на такім узроўні), вядома ж, задаволены.
Уладзімір Петрычкіў з 10-га класа з гэтай жа школы палепшыў свой мінулагодні вынік: з 3-га месца падняўся на 2-е і ці не больш за палову свайго поспеху адносіць на рахунак намаганняў настаўніцы геаграфіі Ларысы Іосіфаўны Наумёнак.
Найбольшы вопыт выступлення ў абласных турах алімпіяд  — у навучэнца 11 «А» класа СШ № 1 г. Гарадка Аляксея Каваленкі (настаўнік Наталля Аляксандраўна Шавель): чатыры гады. І кожны раз — поспех: у 8 і 9 класах — дыпломы III ступені, у 10 і 11 — II. «Карыфей» алімпіяднага прадметнага руху адзначае, што заданні раз ад разу становяцца больш складанымі, але яму самому надзвычай цікавая матэматыка. А парухацца хлопец любіць, займаючыся валейболам.
Такія яны — юныя, якімі сёння ганарацца іх настаўнікі, сябры, педагагічныя калектывы, бацькі. Дарэчы, добра вучацца ўдзельнікі алімпіяд не толькі па названых вышэй прадметах, яны дэманструюць высокую агульную паспяховасць, арганізаванасць, творчыя і спартыўныя здольнасці. Смелых жа ім мэтаў і іх дасягнення!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку:  Л. Фядотава, Ю. Талкачова, А. Хрытанькова, Ю. Леўчанка, у другім радзе — І. Ладохін, У. Петрычкіў, А. Каваленка.
Фота аўтара.

Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Вольга Іванова,

у другім, раённым, туры прадметнай алімпіяды ўзялі

ўдзел 198 навучэнцаў 8-11-х класаў з дзевяці ўстаноў адукацыі Гарадоцкага раёна.

76 з іх былі ўзнагароджаны дыпломамі І-ІІІ ступеняў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *