З вышыні дзевяці дзесяткаў год

Актуальное

  Галоўнае багацце гарадакчанкі Ніны Ягораўны Паповай (на здымку), якая днямі адзначыла значны, 90-гадовы, юбілей — яе вялікая і дружная сям’я. У жанчыны трое дзяцей, сем унукаў, дзевяць праўнукаў. Разам з мужам Аркадзем Афанасьевічам яны выхоўвалі сваіх нашчадкаў уласным прыкладам працалюбства, справядлівасці, павагі да людзей.popova

  Ніна трапіла ў Гарадок з в. Зубакі Віцебскага раёна, калі ў 46-м паступіла ў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, каб атрымаць надзвычай запатрабаваную тады спецыяльнасць тэхніка-механіка. Жыла ў куточку на здымнай кватэры. Навучэнцы пасля заняткаў многа працавалі над аднаўленнем разбуранай навучальнай установы, увядзеннем у сельгасабарот вытворчых аб’ектаў.
Шлюб, якім абраліся Ніна і Аркадзь на Кастрычніцкае свята ў 1949 годзе, быў шчаслівым і доўжыўся 67 год, да таго часу, пакуль галавы сямейства не стала.
— Пасляваеннае вяселле мы спраўлялі ў вялікім сараі, у якім не было ніводнага акенца, — успамінае Ніна Ягораўна. — Але ў нас было іншае святло, якое ішло быццам з нашых сэрцаў. Мы не былі спешчаныя. Аркадзь — былы франтавік, я, старэйшая з семярых дзяцей у сям’і, перажыла акупацыю. Хацелі жыць, будаваць, і для гэтага многа працавалі. У мяне стажу прадаўца і аператара на малаказаводзе — 41 год, у мужа — 47 вадзіцеля. Жылі спачатку ў маленькай хацінцы на Чырвонаармейскай вуліцы. Бывала, устанем раненька і яшчэ ў прыцемках абыдзем бульбу, а тады ўжо спяшаемся на работу. Трымалі і карову, і свіней, жылі са сваёй гаспадаркі, як усе ў тыя часы. Тады нават хлеб быў па картачках — ды і тое толькі ў горадзе. Не было садкоў, і як я ўдзячная свякроўцы Фёкле Цімафееўне за тое, што яна дапамагала гадаваць дачку і абодвух сыноў!
Гаворачы пра іх дзяцінства, Ніна Ягораўна ажыўляецца — вяртаецца ў той час, калі сама была маладой і спрытнай. Успамінае, што хапала ў Ліды, Віці і Ігара гарэзлівасці, але вучыліся старанна, не былі лайдакамі. Відаць, з гэтай прычыны ўсе змаглі трывала пабудаваць свае сем’і і жыцці. На пытанне, кім з іх ці ўнукаў яна больш ганарыцца, шчыра здзіўляецца. Усе яны аднолькава дарагія і любыя, усе пра яе памятаюць, клапоцяцца, дапамагаюць. Але і сама яна не зломак: ходзіць за прадуктамі, гатуе, падтрымлівае парадак у кватэрцы, цікавіцца тым, што дзеецца ў раёне, краіне і свеце, глядзіць тэлевізар і сябруе з нашай газетай.
— Галоўнае, што трэба цвёрда ўсведамляць цяперашнім маладым: ніякая работа не ганьбіць чалавека, — навучае юбілярша. — А самы лепшы час жыцця — калі мы маладыя. Мы ж таксама святкавалі разам, у лазні адзін да аднаго хадзілі, спявалі, смяяліся. Толькі не пілі многа, і вы не піце! Тады нічога не баліць, сіл хапае і на працу да сёмага поту, і на тое, каб прыгожа адпачываць.
Слушныя парады жанчыны, якая з вышыні свайго паважанага ўзросту і жыццёвага вопыту мае права іх даваць. Пажадаем жа і ёй здароўя, шчаслівага даўгалецця, цеплыні сямейнікаў!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *