Человеком Года культуры признана Марина Гущо

Актуальное Культура

 Народны майстар, дырэктар Дома рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Марына Гушча стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Чалавек Года культуры» ў намінацыі «Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».gusho

  Рэспубліканскі конкурс «Чалавек Года культуры» праводзіўся Міністэрствам культуры як праект Года культуры, у 14 намінацыях. Рэзюмэ яму было выведзена на выніковай калегіі міністэрства, што адбылася ў культурнай сталіцы Беларусі 2017 года, г. Бабруйску, 8 лютага.
Высокую ўзнагароду Марыне Леанідаўне ўручыў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў (на здымку). Гэта стала вынікам шматгадовай плённай працы кіраўніка ўстановы культуры і адмысловай майстрыхі. Сама ж яна прызнаецца, што, хаця перамога такога маштабу вельмі прыемная падзея ў яе жыцці, узнагароды для яе не мэта. Куды больш важная магчымасць служыць любімай справе адраджэння нацыянальнай культуры, такой яе галіны як народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На гэтай ніве М. Гушча працуе ў Гарадку пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта сённяшняга ВДУ імя П.М. Машэрава з 1989 года. Давялося пабываць на розных пасадах, дырэктарам Дома рамёстваў і фальклору была прызначана напрыканцы 2014 г.
— А 2015 год для нашага дружнага калектыву аднадумцаў стаў сапраўды знакавым: 3 ліпеня мы пераехалі ў новы сучасны будынак агульнай плошчай 136 м2, — вылучае святло Марына Леанідаўна. — Гурткі, якія працуюць па 12 накірунках, пераехалі ва ўтульныя кабінеты, умовы працы і заняткаў значна палепшыліся. У прывабным салоне можна набыць сувеніры ад нашых майстроў. У нашым распараджэнні — выставачная зала ў КАЦ «Гарадок», дзе пастаянна абнаўляюцца экспазіцыі. Працуюць філіялы ў аг. Верамееўка і Пальмінка.
Прызнацца, і гэтых немалых плошчаў недастаткова, каб размясціць для агульнага агляду шматлікія граматы і дыпломы, што назапасіліся ў скарбніцы майстроў за час іх удзелу ў выставах, конкурсах, кірмашах усіх узроўняў, уключаючы міжнародныя.
— Мы ніколі не імкнуліся працаваць у тэхніках, не ўласцівых нашаму рэгіёну, няхай вырабы ў іх больш яркія, кідкія, а таму іх ахвотней купляюць, — адзначае субяседніца. — Мы па макулінках збіралі, захоўвалі, занатоўвалі і паўтаралі менавіта тыя ўзоры вырабаў продкаў, што знаходзілі на Гарадоччыне. Таму цяпер маем адметны твар, нас усюды ведаюць, пазнаюць, ставяцца з павагай.
З вялікай удзячнасцю і гонарам Марына Гушча адгукаецца пра сваіх калег і лічыць сябе не столькі іх начальнікам, але памочнікам. Яна, прызнаны майстар па ткацтве, цяпер больш часу аддае адміністрацыйнай, арганізацыйнай рабоце, тчэ пераважна ў думках і не саромеецца рабіць падрыхтоўчыя работы для таго, каб за ткацкім станком магла працаваць яе пераемніца Яна Кліменка.
Зараз калектыў, якім кіруе Чалавек Года культуры, не спачывае на лаўрах: рыхтуе новы камплект верхняга жаночага і мужчынскага адзення для ўдзелу ў адпаведным абласным конкурсе, сваю «Батлейку» — да абароны на званне «народны», калекцыю вырабаў маладых майстроў — да ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет», мусіць парадаваць наведвальнікаў выставы-кірмашу «Горад майстроў» на наступнай «Славянцы» і не праміне аздобіць сваімі сувенірамі і рукатворнымі шэдэўрамі ніводнае мерапрыемства любімага Гарадка.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *