Выставка картин Владимира Напреенко работае в краеведческом музее

Актуальное Культура

Рэалістычнае мастацтва — ад Бога. У гэтым перекананы віцебскі мастак Уладзімір Напрэенка (на здымку), аўтар выставы «Мелодыя акварэлі», што 3 лютага распачала сваю работу ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі (працягнецца да 4 красавіка). 24 карціны мастака, прадстаўленыя ў Гарадку, выкананы з выкарыстаннем розных прыёмаў акварэльнага жывапісу, у іх схаваны вобразны сімвалізм. Гэта малая толіка мастацкай спадчыны акварэліста, у якой налічваецца больш за тысячу карцін, створаных больш як за 45 год актыўнай творчай дзейнасці.hudoznik

  Гарадоччына для Уладзіміра Напрэенкі — край дарагі. Адсюль, з в. Гарнова, родам яго жонка, Людміла Васільеўна. А гадоў 30 таму яны набылі пад дачу хату ў в. Смароднік, якая цяпер улетку служыць мастаку майстэрняй.
— У наваколлі там сем азёр, узрушаючай прыгажосці краявіды, — захапляецца Уладзімір Пятровіч. — Пад іх уплывам я напісаў прадстаўленыя на выставе ў ліку іншых «Залатую восень», «Восеньскую навальніцу», «Вясёлы дзень». Зазначу, што ў Гарадку гэта мая выстава другая, першая ладзілася ў 80-я, і нельга не адзначыць прыкметныя змены да лепшага і ў музеі, які проста не пазнаць, і ў горадзе.
На прэзентацыі выставы, дзе сабраліся аматары прыгожага, майстар распавядаў пра творчы шлях, узгадваў імёны сваіх настаўнікаў. Па парадзе першага з іх, вядучага мастака Магілёўскага драмтэатра М.М. Волахава, юны Валодзя, вучань школы № 8 г. Магілёва, не раставаўся з паперай, алоўкам і акварэльнымі фарбамі, пачаў працаваць з натуры. Як таленавіты студэнт мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава быў заўважаны і падтрыманы выкладчыкам, вядучым акварэлістам І.М. Сталяровым, які таксама многа ўвагі надаваў эцюдам жывой прыроды. Напрыканцы 60-х, калі У. Напрэенка працаваў пад кіраўніцтвам Ф.Ф. Гумена, пачаўся яго імклівы ўзлёт. Работы з таго часу вылучаюцца сакавітасцю фарбаў, адценняў, колераў, удасканальваннем уласнага стылю, манеры, тэхнічных прыёмаў.
Мастак Напрэенка многа падарожнічаў па ўсім былым СССР, бываў у Сербіі, Славеніі, Чарнагорыі. На выставе ёсць яго работы, зробленыя падчас гэтых вандровак, а ў гледачоў з’яўляецца магчымасць, не выходзячы з музейнай залы, віртуальна пабываць, скажам, у балканскіх краінах. Мы з ім затрымаліся ля карціны «Хмары над Бялградам», якая кідаецца ў вочы адразу ж з увахода: свінцовая хмара напаўзае на дагэтуль пранізаны сонцам горад, у якім ветліва свецяцца белыя сцены будынкаў, чырвоныя дахі, адбівае святло шкло ў вокнах сталіцы былой Югаславіі. І над гэтым мірам навісла ваенная навала, якая ў выніку серыі ўзброеных канфліктаў 1991-2001 гг. раздрабніла, разарвала на шматкі гэтую краіну…  Грамадзянская пазіцыя творцы не дазваляе яму заставацца ў баку ад палітычных, сацыяльных і іншых падзей, што адбываюцца ў сучасным грамадстве. Нават мілыя сэрцу беларускія краявіды, занатаваныя пэндзалем Уладзіміра Напрэенкі, шэпчуць, што ў хуткабежным жыцці людзям трэба знаходзіць час спыняцца, каб заўважаць крохкую прыгажосць, берагчы яе і памнажаць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *