Детство, опаленное войной

Актуальное

  Дзіцячыя ўспаміны 80-гадовай жыхаркі г. Гарадка Марыі Ульянаўны Ганчаровай, у дзявоцтве — Хадарэнка (на здымку) зусім не каляровыя і не зіхатлівыя. Іх абпаліла, абвугліла вайна. Іх драматызм цяжка ўсвядоміць нам, хто нарадзіўся пад мірным небам. Толькі ўявіце, што перажылі людзі на акупіраванай тэрыторыі, прымерце на сябе, як бы выжывалі, як ратавалі б ад нясцерпнага голаду і холаду сваіх дзяцей — і паспачувайце тым, чыё дзяцінства было адабрана навалай.goncharova

  Вон з хаты!

  Сям’я Ульяна Амосавіча і Ульяны Харытонаўны Хадарэнкаў, у якой на Вялікдзень у 41-м нарадзілася пятае дзіця, жыла ў Зубаках, за Вархамі. Усе вяскоўцы жылі сціпла: хаткі былі накрыты саломай, у вокнах стаяла па адной шыбіне, падлогу таксама ўцяплялі саломай. Але і з іх проста ў хлявы і пуні, дзе не было печаў, акупанты павыганялі гаспадароў. Адбіралі сала, кур, яйкі. Маленькай Мані ўрэзалася ў памяць, як адна баба, каб уратаваць сваё парася, абмазала яго дзёгцем, маўляў, «кран» — хварэе.
Зімы 41-га і 42-га гадоў былі надзвычай халодныя. Немаўля Ніначку мама хутала ў сваё крысо. На абутак напаўголым дзецям пляла нешта накшталт ботаў з саломы. Малыя адаграваліся ў стайні, сядаючы проста ў конскі гной, пакуль ён быў цёплы. Памерці з голаду не даваў добры кухар Тофель: употай наліваў гаротнікам у вядзерца нямецкага гарохавага супу. Цёмна, халодна, галодна і страшна — галоўныя ўражанні таго часу.

Самі ў зямлю палезлі

  Зубакам і іх жыхарам пагражала знішчэнне, усе яны падаліся са сваёй вёскі. Была зіма. Прытуліліся не менш за сто чалавек дзесьці на ўскрайку іншай вёскі, у таку. Неўзабаве яго дзверы расчыніў немец, нешта злосна крычаў, выганяў перапалоханых людзей, нават даў чаргу з аўтамата. Ніхто не выходзіў, нейкі барадаты дзед заверыў варожага салдата, што ўсім і тут добра. Той плюнуў, а праз хвіліну запахла палёным, вяскоўцы ўбачылі, што кут будынка звонку гарыць. Тады зразумелі, што немец меў загад спаліць іх, але не замкнуў дзверы і даў магчымасць уцячы. Кінуліся да блізкага ўзлеску. Некалькі дзён бадзяжнічалі па лясах, вырылі зямлянкі ў рове, жывымі палезлі ў зямлю ад сцюжы. Харчаваліся гнілой шэрай бульбай, як толькі вылезла трава, — ёю, шчаўем, лебядой.

— Якія мы былі злосныя! —

качае галавой Марыя Ульянаўна, гаворачы пра сябе і сваіх равеснікаў. Аднойчы, выпасаючы кароў, у хмызняку дзеці натыкнуліся на мёртвага немца. Абступіўшы цела, яны нейкі час яго проста разглядалі. Хтосьці ўдарыў першым — і быццам ашалелі астатнія. Яны білі ворага палкамі і нагамі, крычалі і плакалі. За тое, што яны не жылі, а пакутавалі, за тое, што ён таптаў, зневажаў, мучыў іх зямлю і забіваў іх родных! Ледзь адцягнулі раз’юшаных дзяцей жанчыны, доўга супакойвалі і тлумачылі, што нежывых чапаць нельга. А малыя тады зразумелі, што і жывога б забілі сваімі кволымі рукамі, сваёй нянавісцю.

Ваш бацька не прыйдзе

  Ульяна Харытонаўна з дзецьмі вярнулася ў родныя Зубакі пасля вызвалення. Хатка стаяла, раскурочаная снарадам, які трапіў у акно. Прайшоў праз печ, сцяну і разарваўся ля хлява. Ніколькі не лягчэй шасцёрым небаракам. Маці і старэйшыя браты выбіваліся з сіл.
Дзень Перамогі Мані не помніцца. Памятае, як ужо пасля яго да іх прыйшоў брыгадзір — паштальёнка папрасіла яго самога занесці абвестку аб бацькавай гібелі: «Як я Ульяне такое гора занясу? У яе пяцёра дзяцей!» Асірацелая сям’я галасіла. Прыйшла суседка і прынесла міску бабовага супу. Тады ўсе падтрымлівалі адзін аднаго, інакш бы не выжылі. Галодныя дзеці з’елі той суп, прысольваючы яго слязьмі, і кінуліся да маці: «Не плач! Мы будзем слухацца цябе, мы будзем табе дапамагаць!» І дапамагалі, у дзіравых ушчэнт валёнках на сабе цягалі з хмызняку дровы ўзімку, вясной, на пасяўной, босыя — плугі ды бароны, капалі, будавалі, касілі, пасвілі і вучыліся ў школе.

Найперш — праца, тады — вучоба

  За парты Зубацкай сямігодкі, дырэктарам якой быў на той час Пятро Соснер, школьнікі вярнуліся пераросткамі. Не хапала паперы, падручнікаў. Пісалі алоўкамі і пер’ямі, чарнілы рабілі, змешваючы сажу з вадой. На ўроках з голаду страчвалі прытомнасць. Пасля іх працавалі дома, у калгасе, на прышкольным участку. Урокі рабілі на пячы са слабым агеньчыкам лучыны, днём на гэта не было часу.
— Хлеба не было. Ой, як доўга мы не елі хлеба! — прыгаворвае Марыя Ульянаўна, успамінаючы, што нават у 50-я гады за ім пешшу хадзілі ў Гарадок, чаргу займалі з ночы, а давалі яго бохан у рукі. Сеялі па палосачцы ячменю, малолі яго ў жорнах, пяклі ляпёшкі — ды ўсё роўна недаядалі. Лішняга не было і ў суседзяў — бульбінка, капуста ды бурачок.
Людзі вельмі згуртаваліся. У кожнай хаце былі сіроты ды іх яшчэ маладыя, але такія  змарнелыя ад цяжкасцяў мамкі. Яны разам працавалі, цягнулі да святла дзяцей, пачыналі ўжо радавацца жыццю, але вайна нагадвала аб сабе доўга: мінай на дробныя шматкі разарвала Лёню Вярбіцкага, сына новага школьнага дырэктара; неўздужалая Маніна аднакласніца Фруза не здолела вылезці з-пад капы сена, што абрынулася на яе, калі яна завіхалася па гаспадарцы…
— Мы не думалі так доўга жыць, як жывём — дзевяты дзесятак мне, — здзіўляецца гэтаму факту Марыя Ульянаўна. — Усё здароўе там, на вайне, засталося, — надоўга замаўкае. —  Я не разумею, чаму цяпер лянуюцца вучыцца? Веды набываць так цікава! Гэта нам трэба было хутчэй на ногі станавіцца, маміны рукі аблягчаць, дык дыпломаў не атрымалі. Аднак, мы галоўнае ведаем: найвялікшая каштоўнасць — жыццё без вайны!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *