Научные общества учащихся действуют на Городокщине

Актуальное Образование

 Першыя крокі ў навуку, аказваецца, можна рабіць у дастаткова юным узросце, падчас вучобы нават у малодшых класах. Гэтаму спрыяюць створаныя ва ўсіх школах раёна школьныя навуковыя таварыствы навучэнцаў. Накірункі іх дзейнасці розныя — краязнаўства, гісторыя, біялогія, экалогія, прыкладныя навукі, філалогія. У кваліфікаваных педагогаў узнікае жаданне даць больш паглыбленыя веды адораным дзецям — і ўтвараецца суполка аднадумцаў. Яна дазваляе абудзіць у навучэнцаў пазнавальную пошукавую цікаўнасць у той ці іншай галіне ведаў, а гэта — адна з важнейшых задач адукацыі.zelenin

  На працягу многіх месяцаў вучні і настаўнікі разам распрацоўваюць абраныя для даследавання тэмы. Урэшце наступае час, калі рабяты бяруць удзел у школьных навуковых канферэнцыях, выступаюць са сваімі паведамленнямі. Лепшыя з іх прымаюць удзел у раённых навуковых канферэнцыях, якія традыцыйна ладзяцца ў красавіку-маі на працягу апошніх дзесяці гадоў. Рыхтуюцца юныя даследчыкі да гэтага мерапрыемства грунтоўна, часта суправаджаюць свае выступленні прэзентацыямі.
Лепшыя работы па рашэнні аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама накіроўваюцца да ўдзелу ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі «Эўрыка», што адбываецца восенню наступнага навучальнага года.
Ужо тройчы паспяхова выступілі на ёй навучэнцы СШ № 1 г. Гарадка пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Юрыя Міхайлавіча Зяленіна. У 2014 г. Ягор Сырцоў атрымаў дыплом 2-й ступені за работу «Гарадоцкі раён на шляху з вараг у грэкі», у 2015-м Аляксей Каралькоў дабіўся такога ж выніку з работай «След на гарадоцкай зямлі: А.П. Марэсьеў», а летась гэты адзінаццацікласнік стаў уладальнікам дыплома 3-й ступені з работай «Разгаданая загадка палкоўніка А.К. Карпава».
— Аляксей Карпавіч Карпаў валодаў маёнткам Марыямпаль, — распавёў Аляксей. — Ён вёў штодзённыя запісы пра ўдзел у Айчыннай вайне 1812 г., замежных паходах 1813-14 гг, сваім панстве. У яго выключна цікавы лёс: нарадзіўся ў сям’і адстаўнога салдата ў Наўгародскай губерніі, пачынаў службу гандлангерам (радавым артылерыстам ніжэйшага разраду) і даслужыўся да звання падпалкоўніка, стаў камандзірам паркавай брыгады. Пры звальненні са службы атрымаў званне палкоўніка. Невядомыя звесткі: дата смерці і месца пахавання А.К. Карпава сталі прадметам нашага даследавання. Яно аказалася не з лёгкіх, інфармацыю збіралі па макулінках. З аўтарскіх запісак палкоўніка высветлілі, што дзесьці на Гарадоччыне была Прыстанская царква. Шляхам вывучэння старых карт высветлілі, што вёска Прыстань была непадалёк ад в. Кісялі, на беразе р. Обаль. Рушылі ў тую мясцовасць. На старажытнаславянскім гарадзішчы паблізу ад Кісялёў натрапілі на старыя могілкі, звярнулі ўвагу на каменную пліту. Расчысціўшы яе ад бруду і імху, прачыталі: «…тут покоится прах полковника Алексея Карповича Карпова, родившегося в 1787 г. 17 февраля и умершего в 1854 г. 20 сентября…»
Цяпер новы даследчык з 8 «Б» Арцём Ушацкі, Ю.М. Зяленін і Аляксей Каралькоў (на здымку) вывучаюць найцікавейшую тэму «Каменныя крыжы Гарадоччыны». Прадмет даследавання — крыжы, знойдзеныя ў той жа Прыстані і непадалёк ад в. Янова.
— На цяперашні момант у навуковае таварыства навучэнцаў нашай школы «Эрудыт» уваходзяць 39 навучэнцаў малодшага, сярэдняга і старэйшага навучальнага звяна, — расказвае кіраўнік НТН, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце СШ № 1 г. Гарадка Н.М. Пракоф’ева. — Год ад году даследаванні рабят становяцца больш глыбокія, у іх больш аўтарства, а не кампіляцыі вядомых раней звестак. Гэта каштоўна, бо падштурхоўвае да індывідуальнай дзейнасці. Нашы пачынаючыя навукоўцы больш вольна адчуваюць сябе перад аўдыторыяй. Выпускнікі працягваюць займацца навуковай дзейнасцю ў ВНУ, а гэта можа прынесці важкі плён.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *