З агеньчыкам любові ў душы

Актуальное

pozdravlen  Вы задумваліся, калі жанчына ўсведамляе сябе жанчынай? Магчыма, у маленстве, калі ёй купляюць шыкоўную сукенку, а на тонкія яшчэ валасы прымацоўваюць вялізны бант? Можа, пазней, калі хлопчык запрашае на першае спатканне ці юнак пад салаўіны пошчык прызнаецца ў каханні? Ці калі белы вэлюм ахутвае яе зграбную нявесціну фігурку? А можа, калі яна зазірае ў вочы свайму шчасцю, якое толькі што нарадзіла? Вяртаючыся з любімай работы ва ўтульнасць жытла, якое стварыла клапатлівымі рукамі? Праз дзесяткі гадоў злавіўшы на сабе захоплены — як і раней — позірк мужа? Калі бласлаўляе на шлюб дарослых дзяцей ці, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, вяртаецца да заняткаў любімым захапленнем? Пэўна, ніводная жанчына дакладна не вызначала, калі яна адчула сябе жанчынай.
Адно вядома: адчуўшы подых вясны, жанчыны здольныя акрыяць. І свята, Дзень жанчын, — выдатная падстава, каб стаць на больш высокія абцасы, узбіць прычоску і ўсміхнуцца падфарбаванымі вуснамі сонцу, ручаям, людзям, усяму абуджанаму свету! Гэтаму спрыяюць шматлікія віншаванні, якія жанчыны пачалі ўжо прымаць на ранішніках ад сваіх дзяцей, на рабочых месцах — ад калег-мужчын, а заўтра іх чакаюць сюрпрызы ў сем’ях. Настрой узняты, у душы — уздым. Традыцыйна менавіта 8 сакавіка моцная палова чалавецтва задорвае сваіх любімых, дарагіх, родных кветкамі, такімі ж пяшчотнымі, як прадстаўніцы другой, больш прыгожай (і шматлікай) паловы.
Як сведчыць статыстыка, па стане на 1 студзеня мінулага года ў нашым раёне пражывала 23330 чалавек, 12294 ці 52,7% з іх — жанчыны. Ва ўзросце да 14 гадоў — 1614, 15-31 год — 1382, 32-55 — 4064, старэй за 55 гадоў — 5234.
20 жанчын, якія нарадзілі і годна выгадавалі па пяцёра дзяцей, узнагароджаны ордэнамі Маці Рэспублікі Беларусь. У аднаго з ардэнаносцаў, Наталлі Перамотавай з в. Мехавое, — сямёра дзяцей!
З 2009 г., калі ў вобласці было заснавана званне «Чалавек года Віцебшчыны», яго ўдастоены дзевяць жанчын з Гарадоччыны — высокіх прафесіяналаў сваёй справы. Мы ганарымся вамі,  Наталля Гірова, Марына Гушча, Алена Стратыўная, Ларыса Ксяндзова, Таццяна Парахавая, Ірына Львова, Валянціна Юдзянок, Анфія Бярозка, Антаніна Колца.
У кожным нумары «раёнкі» мы знаёмім чытачоў з мноствам прыгожых справамі і ўнутраным светам жанчын. Сярод іх — ветэраны вайны і працы, перадавікі вытворчасці, выдатныя спецыялісты, клапатлівыя гаспадыні, любячыя маці і жонкі, таленавітыя майстрыхі, разумніцы, спартсменкі… У многіх з іх лёс, як выпрабаванне. Жыццё наогул няпростае. Але працалюбства, аптымізм, душэўныя якасці нашых жанчын даюць сілы тым, хто побач з імі, заставацца вернымі абраным арыенцірам і каштоўнасцям, змагацца са смуткам, цягнуцца да лепшага, годнага.
Любыя матулі, сёстры, жонкі, дачушкі, суседкі, калегі! Няхай не згасае ў вашай душы святы агеньчык любові, якім вы саграваеце свет! Будзьце здаровыя і шчаслівыя!
Святлана ЯКАЎЛЕВА. Фота аўтара.
На здымку: рыхтуюцца да свята выхаванцы студыі эстэтычнага развіцця «Калейдаскоп» ДШМ г. Гарадка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *