90 лет испытаний

Актуальное Повод

  Найбольш радасным сваё доўгае, поўнае драматычных падзей жыццё гарадакчанка Таісія Абрамаўна Моўшанка (у дзявоцтве Антонава) лічыць менавіта цяпер: пад мірным небам, пад клапатлівым крылом дачкі і сына, дачакаўшыся ўнукаў і праўнукаў, з рэгулярнай заслужанай пенсіяй. Днямі адзначыць 90-годдзе. Яна — шчаслівая нягледзячы на тое, што амаль 20 гадоў таму аслепла, не мае здароўя. Але ў яе ёсць галоўны скарб — удзячныя дзеці, якія лічаць сваім абавязкам даглядзець, акружыць клопатам тую, хто дала ім жыццё, была побач у радасці і ў горы, старэйшую ў сваім раду і любімую ўсімі жанчыну.movshenko

  Вёска Храпкі, дзе праходзілі дзіцячыя гады Таісы, малодшай з пяцёрых дзяцей у сям’і Антонавых, даўно апусцела. А да вайны там было мнагалюдна, вёска ганарылася мноствам працавітых гаспадароў, у ліку якіх быў і галава сям’і, Абрам. Ці не таму аднойчы ноччу, знянацку, яго, як і многіх іншых мужчын, рэпрэсіравалі, палічыўшы надта заможным, пасадзілі на 10 гадоў. Так ён і згінуў у невядомасць. Ад такога ўзрушэння аглух 19-гадовы брат Таісы, пачаў таяць на вачах — і памёр.
Неўзабаве грымнула яшчэ адна бяда: вайна. Фашысты рабавалі сялян, забіралі яйкі, кур, сала, звялі з двара карову, а неўзабаве павыганялі з хат. Людзі бадзяліся па лясах, жылі ў зямлянках, галадалі. Маці Таісы, Пелагея, захварэла на тыф і памёрла — не было каму вылечыць, не было лекаў. Дзяўчынка-падлетак засталася сіратой. Аднойчы яна трапіла ў лік моладзі, якую захопнікі намерваліся звезці на прымусовыя работы ў нямеччыну. Выратавацца дапамог выпадак: знаёмы, што служыў у фашыстаў, схлусіў, што Таіса — з яго сям’і.
Вызваленне ад акупацыі людзі сустрэлі радасна, хаця жыццё палепшылася не адразу. Не было на чым араць, не было чаго сеяць. Даводзілася многа працаваць, Таіса — кволенькая, худая — так і не давучылася ў школе. Яе прытулялі чужыя сем’і, а пазней, калі вярнуўся з фронту, — брат Дзмітрый. Але яго рана не стала: адгукнуліся асколкі ў лёгкіх.
— Я завербавалася пад Віцебск, на тарфяны, а затым на цагельны завод, — успамінае Таісія Абрамаўна. -Такія тачкі цягала, а сіл ну зусім жа не было! Працавала і ў калгасе, а тады ўсё рабілі ўручную: і касілі, і жалі, і лён церабілі, і малацілі. Але жылі дружна, апошнім кавалкам з суседзямі дзяліліся, шкадавалі адзін аднаго, як маглі.
У 57-м Таіса выйшла замуж за свайго Еўдакіма. Ён быў сынам удавы, якая падымала на ногі траіх дзяцей, беднасць ў іх сям’і была яшчэ горшая, нават сваёй хаціны не было. Маладыя Моўшанкі працавалі на чыгунцы. Радаваліся, што кожны дзень іх цяжкай працы надае ім дабрабыту, нарадзілі траіх дзяцей.
— Бацькі хацелі, каб мы вывучыліся, набылі хаця б рабочыя спецыяльнасці, — расказвае старэйшая з іх, Валянціна. — Нас не песцілі, таксама далучалі да працы, але і радасныя моманты асвятлялі наша жыццё. Мы паважалі бацькоў, спачувалі ім, стараліся не засмучаць. Не ведаю, як мамачка перажыла яшчэ адзін жорсткі ўдар лёсу: падчас службы ў арміі ў мірны час, у 1984-м, трагічна загінуў наш сярэдні брат, Валодзя. Можа, таму да часу выплакала яна свае вочы… У нас ні разу не было думкі змясціці маму ў сацыяльны прытулак. Гэта не па-людску! Колькі будзе сіл — будзем даглядаць яе, не кінем. Хто пашкадуе, абагрэе сваіх бацькоў лепш, чым дзеці? Думаецца, галоўнае, чаму трэба навучыць у сям’і, — сумленню, добразычлівасці, цярпенню і любові. Нас навучылі, і наша мама можа гэтым ганарыцца.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Т.А. Моўшанка са сваімі дзецьмі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *