Гарадоцкія майстры аднаўляюць традыцыйнае адзенне.

Актуальное

 Два дыпломы 1-й ступені прывезлі з абласной выставы-конкурсу «Шыўкі майстэрства» майстры Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору. Яны атрыманы ў намінацыях «За рэканструкцыю зімовага строя ў адпаведнасці з мясцовай традыцыяй» і «За лепшую калекцыю ткацтва».1
Мужчынскі касцюм складаўся са святочнага насова (адзенне накшталт паліто), тканага пояса і саламянага картуза. Жаночы — з курты (таксама адзенне накшталт паліто), аздобленай шнурам, андарака (спадніцы) і хусты. Усе тканіны для іх з ільняных і шарсцяных нітак саткалі Марына Гушча і Яніна Кліменка. Пашыла адзенне Святлана Уласава — выключна ўручную, а картуз з саломы спляла Вольга Рэут.
Чарговы раз нашы майстры скараюць адданасцю сваёй справе, густам і вернасцю традыцыям. Іх далейшаму плёну можа паспрыяць, калі вы прадставіце ім знойдзеныя ў сямейных фотаархівах здымкі з выявамі адзення (яго фрагментаў) ранейшых часоў. Рэканструяваць тканіны, выраб якіх быў уласцівы менавіта для нашага рэгіёна, дапамогуць нават маленькія іх лапікі, якія могуць захоўвацца ў куфрах вашых бабуль — калі ласка, прынясіце гэтыя рэчы ў Дом рамёстваў у якасці ўзору.
Саша СЯМЁНАВА.
На здымку: дэманструецца калекцыя верхняга адзення, створаная Гарадоцкім Домам рамёстваў і фальклору.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *