Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце Езусе!
Вера ў перамогу Езуса над смерцю з’яўляецца асновай перакананняў і надзеі кожнага хрысціяніна. Уваскрэсенне Хрыста паказвае нам моц і любоў Бога да чалавека. Бог мацнейшы за смерць. Ён Уладар жыцця і дамінуе над сіламі зла, якія ў сваёй агрэсіі прысутнічаюць ў дзеях свету і народаў і цяпер. Апошняе слова ва ўсім належыць Богу, і людское існаванне ідзе не ў кірунку знішчэння або небыцця, а да шчаслівага завяршэння.
Калі скончыцца нашае зямное жыццё, увойдзем не ў пустэчу і цемень, але ў бязмежнае святло. Сустрэнем Бога, які нас чакае. Сустрэнем таго, хто нас ведае і шануе. Увойдзем у прастору супакою і новага бясконцага жыцця. Такую надзею нам дае смерць Езуса на крыжы і яго ўваскрэсенне. Для чалавека, далёкага ад Бога, тое, што, дзякуючы ахвярнай смерці аднаго Богачалавека, усе атрымалі жыццё вечнае, з’яўляецца незразумелым. Аднак для веруючага ахвяра Хрыста — крыніца жыватворнай сілы. Смерць не мае над намі сваёй разбуральнай сілы, не скоўвае ўжо нас кайданамі страху. Дзякуючы Езусу, які ўваскрос, у святле веры асабістыя праблемы чалавека становяцца нічым у параўнанні з хрысціянскай надзеяй. Давайце ж навучымся жыць і адчуваць сябе сапраўды свабоднымі людзьмі!
Паважаныя браты і сёстры ў Езусе Хрысце, Вялікдзень — яшчэ адна нагода, каб у нашай шэрай штодзённасці адкрыць для сябе сэнс той шчаслівай падзеі, якая здарылася дзве тысячы гадоў таму. Паверце ў тое, што Хрыстос, які ўваскрэс, сапраўды жыве і дзейнічае сярод нас. Таму неабходна, каб мы памёрлі для граху, а ўваскрэслі для Хрыста. Адкрыйце свае сэрцы ў гэтыя светлыя дні для Езуса, дазвольце яму ўвайсці ў вашае жыццё, прызнайце яго сваім Збавіцелем!
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Настаяцель каталіцкага прыходу Наведзінаў Марыі ў Гарадку Браніслаў ДАШКЕВІЧ.