В ДШИ Городка кипит жизнь

Актуальное Культура

  Жывой крыніцай бруяе жыццё ў дзіцячай школе мастацтваў г. Гарадка і яе філіялах. Пацверджанне штодзённай працы юных творцаў і іх настаўнікаў — два буйныя мерапрыемствы, фестываль вакальных і музычных ансамбляў «Разам весела іграць» (31 сакавіка) і справаздачны канцэрт навучэнцаў харэаграфічнага аддзялення ДШМ г. Гарадка і ансамбля музыкі, песні і танца «Задоринки» «Мір, якім мы жывём» (5 красавіка).shkola

  Падчас іх правядзення можна было ўпэўніцца: заняткі ў сценах «музыкалкі» праходзяць не абы-як. Яны прасякнуты ўпартай працай, дарослыя заражаюць дзятву сваімі ідэямі, яны становяцца аднадумцамі і сябрамі.
— Калектыўнае музыцыраванне — вельмі патрэбная для выканаўцаў справа, — падкрэсліла дырэктар ДШМ Дзіна Сцяпанава. — Бывае, дзіця саромеецца выступаць сольна, у калектыве яму зручней. Набываюцца сцэнічныя навыкі, маленькія музыкі вучацца ўзаемадзейнічаць, слухаць адзін аднаго. Таму фестываль, які ўпершыню мы правялі два гады таму, плануем зрабіць штогадовым.
Дуэты, трыа, квартэты, ансамблі малой формы, а асабліва шматлікія калектывы — хары з Гарадка і Бычыхі, інструментальная група ансамбля «Задоринки», ансамбль інструментальнай музыкі з Гарадка і ансамбль народных інструментаў «Вязынка» з Езярышча — уразілі зладжанасцю выканання, адметнымі рысамі, сваёй спеўнасцю і суладдзем.
Відовішчнае мерапрыемства для саміх сябе і сваіх блізкіх стварылі ўдзельнікі канцэрта «Мір, якім мы жывём». 11 танцаў — народных, класічных, эстрадных, сучасных — напрацавана літаральна за гэты навучальны год навучэнцамі харэаграфічнага аддзялення ДШМ у Гарадку, дзе займаецца 69 дзяўчынак і хлопчыкаў, і Пальмінскага філіяла (тут 17 навучэнцаў).
— Адметна, што менавіта харэаграфічнае аддзяленне, загадчыцай якога працуе Наталля Тарасава, з’яўляецца своеасаблівай кузняй «кадраў» для больш дарослых калектываў, — зазначае Дзіна Алегаўна. — Сёння ўсе, хто танцуе ў знакамітай гарадоцкай «Яблыньцы» — колішнія выпускнікі нашай школы. А летась у «Яблыньцы» з’явіўся спадарожнік, калектыў «Задоринки». Творчы саюз яго хормайстара Таццяны Новікавай, музычнага кіраўніка Валянціны Пракоф’евай і балетмайстара Таццяны Осіпавай (яна ж вучыць танцам у Пальмінскім філіяле) надзвычай выніковы. Нездарма ў канцэрце іх выхаванцы выступілі з дзесяццю выдатнымі нумарамі.
Падчас фіналу на сцэну выйшлі каля сотні ўдзельнікаў канцэрта, якім ад 7 да 14 гадоў, у прыгожых, яркіх уборах, што таксама дадало відовішчнасці. Іх бацькам і верным дапамагатым з ліку культработнікаў Д.А. Сцяпанава шчыра дзякавала за падтрымку. Дзяцей жа чакала частаванне. Яны бурна дзяліліся ўражаннямі ад грандыёзнага мерапрыемства і планавалі, дзе і калі яшчэ выступяць. Хай збываюцца іх светлыя мары!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: «Лявоніха» ў сумесным выкананні «Яблынькі» і навучэнцаў харэаграфічнага аддзялення ДШМ г. Гарадка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *