Гордитесь своими героями!

Актуальное Повод

Колькі памятаю сябе, столькі памятаю святкаванне Дня Перамогі. Гэта свята — самае любімае мною. Толькі раней я памылкова лічыла, што права святкаваць яго маюць выключна ветэраны. Нават у вёсках, не гаворачы пра гарады, франтавікоў і партызанаў было так багата, што яны складалі ўнушальныя калоны. Нешта па-сапраўднаму мужчынскае, мужнае было ў іх постацях, сабраных у маналіт абаронцаў і пераможцаў. 9 мая яны, паголеныя, пастрыжаныя, прыбраныя, надзяваючы ўзнагароды, што блішчалі на сонцы, са сціплых суседзяў ператвараліся ў былінных воінаў. Здавалася, яны ніколі не пастарэюць, яны неўміручыя, і да сканчэння свету штогод у святочны майскі дзень будуць лавіць на сабе захопленыя погляды дзятвы і вільготныя — ад гонару і спачування — жанчын.Cveti
Пазней мне даводзілася гадзінамі размаўляць з героямі Вялікай Айчыннай. Як журналіст я варушыла цяжкія для іх успаміны. Такія, што потым і сама не магла спаць, даводзілася плакаць. А з іх пры мне заплакаў адзіны, успомніўшы, як упершыню забіў фашыста і перажываў, што забіў: забойства — супраць прыроды чалавека.
Адкуль у гэтых людзей было столькі моцы, веры, праўды? Колькі разоў яны рызыкавалі сабою, штодня жылі на мяжы фізічных і маральных магчымасцяў! На жаль, дзіцячыя мары бачыць жывыя легенды кожны май не спраўдзіліся. Ветэраны адыходзяць у лепшы свет, да сваіх баявых таварышаў, якія так і не даведаліся, што Дзень Перамогі мы штогод так прыгожа і шырока святкуем 9 мая.
Толькі на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца 89 воінскіх пахаванняў. Па дадзеных на студзень гэтага года, у іх спачываюць вечным сном больш за 29 тысяч чалавек, з іх 23555 ваеннаслужачых, 140 удзельнікаў супраціўлення, 5398 ахвяр вайны. Вядомыя імёны 24079 чалавек, 280 з іх устаноўлены за мінулы год, 560 — за тры першыя месяцы гэтага года, больш за 5 тысяч імёнаў пакуль застаюцца невядомымі.
9 Мая ўсе ідуць на брацкія могілкі, як на Радуніцу ці на Тройцу да родных. Пасляваенныя гады мінаюць, а ў гэты дзень па-ранейшаму людзі плачуць і радуюцца адначасова. Старыя і малыя засыпаюць кветкамі падножжы абеліскаў (на здымку).
З народных глыбінь узнікла і мацуецца традыцыя прыходзіць на свята з партрэтамі сваіх продкаў, якія былі салдатамі Вялікай Айчыннай. У кожнай нашай сям’і — свае героі. Не саромейцеся ўздымаць іх высока, несці на руках, захоўваць іх партрэты, пісьмы, звесткі пра іх у чырвоных кутах. Цяпер я дакладна ведаю, што Дзень Перамогі — свята не толькі ветэранаў і прадстаўнікоў ваеннага пакалення. Гэта агульнае, усенароднае свята, сутнасць якога нашы дзеці разумеюць на генетычным узроўні, таму што яны — нашчадкі сваіх герояў.
Звычайна пішучы артыкулы, асабістыя перажыванні і гаворку ад першай асобы журналісты сабе не дазваляюць. На гэты раз мы і пазаштатныя аўтары парушаем правілы. Таму што вайна адгукаецца болем і гонарам у душы кожнага з нас, як і ў вас, дарагія чытачы. Ганарыцеся сваімі слаўнымі продкамі, расказвайце пра іх у сем’ях, нясіце памяць пра іх праз гады, нягледзячы ні на што. Няхай не мялее людскі паток ля абеліскаў!
Са святам Перамогі вас! З нашым святам!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота Анастасіі БЯРОЗЫ з архіва рэдакцыі за 2016 год.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *