Мероприятия ко Дню Победы прошли в Городке

Актуальное Повод

Маштабныя ўрачыстасці з нагоды святкавання 72-й гадавіны Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў адбыліся ў Гарадку 9 мая. З’яднаныя агульнай памяццю, радасцю і болем, гарадакчане і госці райцэнтра прыйшлі на галоўную плошчу горада, да Вечнага агню. Разам з імі ў святочнай калоне, у «Неўміручым палку», ішлі іх родныя, якіх абпаліла сваім пламем вайна. Шчымліва было ад таго, што на свята прыйшлі толькі два ветэраны, якія сапраўды прымалі ўдзел у баявых дзеяннях — Анастасія Андрэеўна Логінава і Васіль Іосіфавіч Фядосенка (на здымку). Іх узнагароды былі схаваны пад цёплай вопраткай. Ды і рады прыраўнаваных да ўдзельнікаў вайны асоб значна парадзелі: час няўмольны. Але ён бяссільны выкрэсліць з памяці нашчадкаў усенародны подзвіг, здзейснены іх бацькамі.Parad0Прадстаўнікоў працоўных і навучальных калектываў, грамадскіх арганізацый, неабыякавых жыхароў горада не спыніла нязвыкла халоднае для любімага майскага свята надвор’е. Яшчэ і кветкі не зацвілі, але разам з вянкамі ў кожнага ў руках быў хаця б сціплы букецік — даніна павагі загінуўшым за нашу свабоду.
— Вялікая Айчынная вайна прынесла нябачаныя разбурэнні і ўзрушэнні. Кожны трэці беларус не вярнуўся дадому. Тысячы гарадакчан засталіся на палях жорсткіх бітваў. Больш за 29 тысяч салдатаў і афіцэраў Чырвонай арміі загінулі пры вызваленні Гарадоччыны. Наша задача — захаваць абеліскі, помнікі, брацкія магілы воінаў-вызваліцеляў, каб нашы дзеці і ўнукі так, як і мы, прыходзілі да Вечнага агню ўшанаваць іх памяць, схіліць галовы перад самаадданым подзвігам мільёнаў савецкіх людзей. Яны падняліся на шляху захопнікаў, не шкадуючы сіл і жыцця, абараняючы Радзіму ад варожага нашэсця, — сказаў, выступаючы на мітынгу, старшыня райвыканкама Пётр Пятровіч Карабач. Па яго прапанове памяць загінуўшых была ўшанавана мінутай маўчання.
Тэатралізаваны мітынг працягнулі зварот ад імя моладзі Гарадоччыны ваеннаслужачага в/ч 94017 Гардзея Шпунцікава, пранікнёная пропаведзь і малітва за ахвяры вайны настаяцеля Свята-Елісавецінскага храма Стахія Кісялёва. Parad1Жадаючы быць падобнымі на герояў ваеннай пары, у стылізаванае пад салдацкае адзенне пераапрануліся ўдзельнікі мастацкіх калектываў горада, выступленні якіх апаэтызавалі мерапрыемства. Надзвычай відовішчнай была дэманстрацыя моцы сучаснай арміі воінамі-дэсантнікамі 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады сіл спецыяльнага прызначэння Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь.Parad6Праз шырока расчыненыя вароты мемарыяла «Неўміручасць» услед за старшынёй райвыканкама П.П. Карабачом, старшынёй райсавета дэпутатаў С.Л. Зуевай (на здымку), старшынёй раённага савета ветэранаў Ж.М. Паметнікавай і старшынёй РА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.Б. Камышовым людскі паток рушыў да Вечнага агню, да помнікаў вызваліцелям. Многія не хавалі слёз.Parad2— Вы — бясстрашныя героі, слава якіх будзе грымець у стагоддзях! Ніхто ніколі не забудзе вашай адвагі. Няхай вернутае вамі сонца заўжды сагравае і асвятляе вашы ясныя душы! — так напісалі дзве вучаніцы СШ № 1 г. Гарадка, дзве Вікторыі (з лац. перамога — аўт.) падчас правядзення ў раённым краязнаўчым музеі акцыі «Напішы ліст ветэрану». Усе, у каго не было магчымасці сказаць словы падзякі з высокай трыбуны, але хацелі б гэта зрабіць, напісалі свой «дзякуй» жывым і загінуўшым змагарам.
Атмасферу свята стараліся стварыць і падтрымаць усе: у скверы па вул. Савецкай размясціліся выставы Дома рамёстваў і фальклору, бібліятэкі, а таксама тэматычныя пляцоўкі «Медсанбат» (арганізавалі супрацоўнікі райбальніцы), «Салдацкі прывал» (Гарадоцкі ГДК), «Партызанская застава» (ГДАТК). Па-заліхвацку спявалі і скакалі, уцягваючы ў святкаванне прахожых, на пляцоўцы «Перамога» работнікі птушкафабрыкі. Салдацкай кашай частавалі ўдзельнікаў вайны і пачэсных гасцей свята ў КАЦ «Гарадок». Юныя артысты, нягледзячы на холад, гатовыя былі радаваць сваімі выдатнымі творчымі нумарамі. Гулянні працягваліся і ўвечары — канцэртна-танцавальнай праграмай.Parad5

Яшчэ адно 9 Мая адсвяткавала мірная Гарадоччына. З новым уздымам, здаўшы абаронцам і вызваліцелям сумленную справаздачу аб сённяшніх добрых памкненнях, справах, планах, мы ідзём па курсе стварэння. І помнім. Будзем помніць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *