Праздник «Гарадоцкі Парнас» прошел 27 мая в девятый раз

Актуальное Культура

Святаў у календары многа, але аналагаў раённаму святу народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору, прысвечанаму аўтару паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціну Вераніцыну, няма нідзе. Дзевяты раз яно — аздобленае добрым словам і песняй, прыгажосцю беларускіх убораў, шчодрасцю гаспадынь, талентамі роднай зямлі — завітала на Гарадоччыну 27 мая. Год ад года вераніцынскі фэст удасканальваецца, да яго далучаюцца новыя ўдзельнікі, праграма становіцца больш насычанай, разнастайнай, цікавай.
Разам з тым мы не губляем сутнасці гэтага свята: крыху больш за паўтара стагоддзя таму таленавіты паэт, імя якога заставалася невядомым да канца мінулага стагоддзя, зрабіў прарыў у беларускай літаратуры. Інакш нельга назваць напісанне ананімнай парадыйнай на антычныя творы паэмы, скіраванай супраць так званай афіцыйнай народнасці, славянафільства з яго ідэалізацыяй патрыярхальнага ладу жыцця. З’яўленне палясоўшчыка Тараса на крыніцы паэтычнага натхнення, гары Парнасе, праводзіла думку аб тым, што беларуская мова, беларуская літаратура і чалавек з народа маюць права прысутнічаць на пачэсным творчым небасхіле.
Адзначаючы «Гарадоцкі Парнас», мы аддаём даніну памяці свайму знакамітаму земляку Канстанціну Вераніцыну і пацвярджаем, што не багі гаршкі абпальваюць. Гарадоччына не збяднела на таленты: колькі годных калектываў і выканаўцаў, паэтаў і мастакоў, майстроў і кулінараў, забаўнікаў і весялуноў — выхадцаў з народных глыбінь — збірае наша адметнае свята!Taras6Пачэснымі гасцямі свята ў гэтым годзе сталі: старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў; паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы і Нацыянальнай прэміі Італіі Уладзімір Скарынкін; акадэмік Міжнароднай акадэміі навук, урач, педагог Аляксандр Марчанка; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Мірош; члены Саюза мастакоў Беларусі Віктар Шылко і Іван Хіцько; генерал-маёр авіяцыі, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Уладзімір Комлеў; старшыня камітэта па культуры адміністрацыі г. Вялікія Лукі Анжэліка Раманюк; намеснік дырэктара ДУК «Віцебскі абласны цэнтр народнай творчасці» Зоя Гукава. Taras1Духмянымі караваямі ў знак пашаны Гарадоччына гасцінна вітала ўсе творчыя калектывы, што бралі ўдзел у свяце. Упершыню ў межах «Гарадоцкага Парнаса» ладзіўся конкурс творчых праграм устаноў культуры Віцебшчыны з удзелам творчых суполак з Сянно, Бягомля, Ушачаў, Дуброўна. Яны прывезлі да нас самабытнасць сваіх краёў, дадалі ў канцэрт гучных нот. Ды ўсё ж асноўнай апорай мерапрыемства сталі мясцовыя арганізацыі. «Пяром няможна апісаць» аздабленне панадворкаў, аформленых сельскімі Саветамі з дапамогай мясцовых устаноў культуры, каледжам, птушкафабрыкай, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Багата на іх было прысмакаў, гульняў, розыгрышаў, латарэй. Вочы разбягаліся на выставах, прапанаваных музеем, бібліятэкай, на «Кірмашы ля Парнаса» і VІ раённым адкрытым конкурсе тэматычных вырабаў народных майстроў. Дарэчы былі і гандлёвыя кропкі, разгорнутыя райспажыўтаварыствам. Дзятву вабіла катанне на коніку і поні, скокі на батутах.

Taras2Галоўныя пляцоўкі свята разгарнуліся ў парку за Домам культуры і ля скульптурнай кампазіцыі «Тарас на Парнасе» (аўтары Іван Казак і Сяргей Сотнікаў). Найперш тут адбылася традыцыйная акцыя «Чытаем паэму разам». Гонар прадэкламаваць на памяць найбольш каларытныя ўрыўкі з паэмы выпаў выкладчыкам і навучэнцам ГДАТК. Яны выдатна справіліся з гэтай літаратурнай задачай, выразна, эмацыянальна зачытаўшы ёмкія, яскравыя, дасціпныя радкі, у кожным з якіх багата народнай мудрасці і гумару. Taras7На свяце паэзіі «Вераніцынская зорка» пранікнёна гучалі патрыятычныя творы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, маці-Радзімы. Іх чыталі аўтары, паэты і празаікі з Вялікалуцкага прадстаўніцтва Пскоўскага рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі. Члены народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» з Полацка прадставілі ўвазе слухачоў вершы на гістарычную тэматыку — пра старажытны Полацк, заступніцу Беларускай зямлі Еўфрасінню Полацкую. Член Саюза пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі Аляксандр Лісняк, які ўжо некалькі гадоў як асталяваўся на Гарадоччыне, прачытаў гумарыстычныя вершы, сугучныя са знакамітай паэмай К. Вераніцына. Нашаму славутаму земляку У. Скарынкіну прыемна было пачуць яго мілагучныя вершы «Вяселле», «Вальс на пятачку», пакладзеныя на музыку, у выкананні народнага ансамбля песні і танца «Яблынька». Уладзімір Максімавіч нават не стрымаўся і разам з жонкай Валянцінай Пятроўнай закруціўся ў вальсе, пайшлі танцаваць і іншыя пары. Амаль тры гадзіны доўжылася літаратурная «Вераніцынская зорка». Taras5Велапрабег па маршруце Гарадок-Астраўляны-Гарадок пад сцягамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Сцежкамі Тараса», арганізаваны раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і аддзелам адукацыі, спорту у турызму, сабраў больш за паўсотні ўдзельнікаў. Самымі маленькімі з іх сталі школьнікі Павел Гусачэнка, Станіслаў Віхаценка і Кірыл Рудаў. Самым шматлікім было прадстаўніцтва ГДАТК і цэнтральнай раённай бальніцы. Сваіх дэлегатаў да ўдзелу ў велапрабегу накіравалі райвыканкам, птушкафабрыка, прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак, цэнтр утылізацыі, ДЮСШ, раён газазабеспячэння, РАНС. Месцам збору веласіпедыстаў сталі памятныя знакі ў гонар паэмы і К. Вераніцына, што ля краязнаўчага музея. Урачысты старт быў дадзены ля помніка Тарасу. Першы прыпынак адбыўся каля мемарыялу спаленым вёскам у Вараб’ёвых гарах. Да яго ўсклалі кветкі. Далей шлях лёг у в. Астраўляне, на радзіму К. Вераніцына. Там веласіпедыстаў чакаў цёплы прыём, наладжаны мясцовымі работнікамі культуры і жыхарамі вёскі. Гасцям расказалі цікавыя звесткі з жыцця К. Вераніцына, яны ўдзельнічалі ў віктарыне, частаваліся прысмакамі.

Taras3— З года ў год пашыраецца кола ўдзельнікаў нашага свята. Яно аб’ядноўвае людзей, зацікаўленых гісторыяй свайго краю, лёсамі яго лепшых сыноў і дачок, яго карэннымі традыцыямі, — урачыста адкрываючы вераніцынскі фэст, падкрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Зуева. — Сёння яны знаходзяць адлюстраванне ў творчасці народных майстроў, паэтаў, мастакоў, таленавітых самадзейных артыстаў. Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць усім, хто падтрымлівае добрыя пачынанні «Гарадоцкага Парнаса», натхняецца на нашай зямлі на творчасць і стварэнне. Пра нас ведаюць не толькі на Гарадоччыне. За гады, калі ладзіцца гэта ўрачыстасць, у нас пабывалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з усёй Віцебшчыны і іншых куточкаў Беларусі, сябры з Расійскай Федэрацыі. Не будзем жа забывацца на сваіх знакамітых папярэднікаў, на тых, хто справай і словам усхваляе прыгажосць Гарадоцкай зямлі!
Ветліва сустрэць нашых гасцей дапамаглі гарадакчане, кіраўнікі прыватных гандлёвых прадпрыемстваў, індывідуальныя прадпрымальнікі А.В. Сіманаў, А.А. Коваль, Т.П. Новікава, А.М. Яраховіч, Л.А. Аўтухава, В.Б. Емяльянава, А.М. Касцян, І.М. Баркоўская, В.Н. Клац, Л.А. Зязюля, А.А. Агамаў, Т.П. Сянчура, М.Ю. Бальшакова, А.Л. Максімаў, І.М. Антропава.
Сакавіты вобраз палясоўшчыка Тараса стварыў вядучы канцэртнай праграмы Алег Пуляроў. Прычым, на гэты раз ён з’явіўся на сцэне ў кампаніі са сваёй гаспадыняй, ролю якой выканала Марыяна Каралёва. Хаця такога персанажа ў паэме не было, рэжысёры свята выказалі здагадку, што дзесьці «за кадрам» яна ўсё ж існавала. Дуэт выглядаў арганічна, як і тое, што сюрпрыз чакаў усіх цёзак Тараса — ім былі ўручаны сувеніры. Taras4Слоўка за слоўкам, песня за песняй, танец за танцам неўпрыкмет лілося свята. Каларытныя ўдзельнікі ансамбля гарманістаў ЦТКіНТ і бычыхінская прыпевачніца Людміла Барсукова, няўрымслівыя спевакі-танцоры-музыкі з «Задоринок», зухаватыя артысты з езярышчанскай «Азерыцы», стрыманыя — з «Глейны», стрункія — з «Феерыі», спеўныя — з «Отрады». А наша любімая «Яблынька» ўмее аб’яднаць усе гэтыя якасці, раз ад разу здзіўляючы багатым рэпертуарам, прыкметным почыркам, новымі цікавымі знаходкамі.
Колькі ні хвалі майстроў нашага Дома рамёстваў і фальклору, а таксама ўдзельнікаў заслужанага калектыву «Вытокі» — не перахваліш. Нястомныя, сціплыя, прасякнутыя нейкім асаблівым святлом, яны рукамі ўмеюць ствараць цуды, на якія людзі амаль забыліся, вяртаюць іх землякам. І на гэты раз — цэлая вуліца майстроў, якія ні хвіліны не сядзяць без справы. Taras8Выдатнае надвор’е спрыяла таму, каб пагуляць па паркавых алеях, прысесці, пагаварыць з сябрамі, пазнаёміцца з незвычайнымі «насельнікамі» мерапрыемства. У гэты дзень побач з М.В. Гогалем такім жа гогалем пахаджвалі Зеўс і некалькі Тарасаў-палясоўшчыкаў, ля шчодрых сталоў завіхаліся прыгажунькі-сяляначкі. Усюды было ўсмешліва, гасцінна, смачна і проста хораша!
Кацярына ПУЧКОВА,
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *