Историко-краеведческий музей Пальминской СШ был торжественно открыт 16 июня

Актуальное Образование

16 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё гісторыка-краязнаўчага музея Пальмінскай сярэдняй школы. Гэта значная падзея не толькі для педагагічнай суполкі, якая падзяліла радасць свята з тутэйшымі калегамі. Многія з прысутных і іх падначаленыя непасрэдна ўдзельнічалі ва ўладкаванні музея, зборы экспанатаў для яго, афармленні стэндаў. Агульнымі намаганнямі тры кабінеты школы пераўтварыліся ў залы комплекснага музея: баявой славы, гісторыі школы і беларускую хатку, дзе сабрана больш за 350 каштоўных экспанатаў. Для стварэння музея выкарыстоўваліся пазабюджэтныя грошы і творчая праца добраахвотнікаў. Яе вынік уражвае, бо інфармацыя, змешчаная на сціплых плошчах, стварае даволі суцэльную карціну мінулага і цяперашняга жыцця Пальмінскага краю.
Хлебам-соллю на вышываным рушніку сустракалі гаспадары пачэсных гасцей. На адкрыцці музея прысутнічалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У. Цярэнцьеў, старшыня Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта П.П. Карабач, старшыня Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў С.Л. Зуева, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Б. Навічонак, самадзейны мастак, маёр авіяцыі, ветэран вайны ў Афганістане М.М. Соўкін. Myzej— Калі мы вымушана закрываем малалікія школы, мы павінны паклапаціцца аб тым, каб дзеці з іх пайшлі вучыцца не проста ў такія ж школы, дзе вучыліся дагэтуль, а абавязкова ў лепшыя, — падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў. — Сёння можна сцвярджаць: менавіта такая — Пальмінская СШ. Яна жыве, вынікова працуе, развіваецца. Сведчанне таму — сённяшняя вялікая падзея. Створаны тут музей павінен спрыяць таму, каб у ім праходзілі цікавыя ўрокі, мерапрыемствы, каб сюды хадзілі бацькі і аднавяскоўцы навучэнцаў, госці аграгарадка і наваколля.
У фае з выявай фрагмента колішняй панскай сядзібы на сцяне прысутных сустрэлі Пальмін Арынгейм (па паданні менавіта яго імя дало назву сённяшняму аграгарадку) са сваёй жонкай (на здымку ўнізе), ролі якіх выканалі настаўнікі Г.А. Макаранка і Т.В. Пачкоўская. Экскурсаводамі па экспазіцыях былі самі навучэнцы школы. Нягледзячы на хваляванне, яны зацікаўлена і даступна расказвалі наведвальнікам пра вартасці сабраных экспанатаў. Школьнікі прапаноўвалі затрымацца ля стэндаў і рэчаў, якія красамоўна гаварылі пра падзеі мінулага, герояў Вялікай Айчыннай:
— Кровапралітныя баі ішлі за наш сельсавет. Каб увекавечыць памяць аб яго вызваліцелях, у наваколлі было ўстаноўлена восем помнікаў і абеліскаў. Імем 19-гадовага масквіча-камсамольца Сяргея Чубарава названа адна з вуліц нашага аграгарадка. Нягледзячы на жорсткія ўмовы акупацыйнага рэжыму, вялікі ўклад у барацьбу з ворагам уносілі партызаны. За іх супраціўленне фашысты каралі жорстка. 14 вёсак на тэрыторыі сельсавета знішчылі нелюдзі. Напрыклад, у студзені 1943 г. ворагі спалілі жывымі 265 жыхароў з 37 двароў в. Хартова.Myzej2
Пра гэта будзе захоўвацца памяць у школьным музеі. Як і пра землякоў, якія без вестак прапалі на палях бітваў, пакутвалі ў канцлагерах, герояў-франтавікоў, у ліку якіх — Герой Савецкага Саюза Мікалай Іванавіч Аверчанка… Памяць ахвяр вайны прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання.
Жыццё ж працягваецца, і крона Пальмінскай школы, карані якой бяруцца ў 1932 г., пышнее. Плён яе працы — годныя выпускнікі, сярод якіх — экс-міністр замежных спраў Беларусі, экс-Прэм’ер-міністр Беларусі, былы памочнік прэзідэнта Беларусі, надзвычайны і паўнамоцны пасол нашай краіны ў ЗША, Канадзе, Мексіцы, Швейцарыі М.М. Хвастоў; намеснік галоўнага рэдактара і выканаўчы дырэктар «Народнай газеты» В.Ф. Драздоў; 16 медалістаў і іншыя паважаныя, працавітыя людзі. Матэрыялы пра іх сабраны ў зале гісторыі школы. Яны прысвяцілі жыццё стваральнай працы дзеля дабрабыту Бацькаўшчыны, любіць якую навучыла школа.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: У.У. Цярэнцьеў, П.П. Карабач, С.Л. Зуева, А.С. Бярозка, Т.М. Філімонава ў зале баявой славы падчас адкрыцця музея.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *