Дзіцячы парк у Гарадку штогод 1 чэрвеня аддаецца ва ўладу самых маленькіх жыхароў райцэнтра. Так было і сёлета, бо ў чацвер, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, ён стаў месцам яскравага свята «Вясёлая планета дзяцінства». Нягледзячы на прахладнае надвор’е, у гэтай планеты было дастаткова маленькіх насельнікаў. Пад наглядам бацькоў, бабуль і дзядуль, выхавальнікаў дзіцячых садкоў малыя радаваліся наступленню лета, канікулаў, магчымасці павесяліцца.Вялікую цікаўнасць выклікала інтэрактыўная пляцоўка Гарадоцкага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Маладыя ўсмешлівыя пажарныя ахвотна забаўлялі яе наведвальнікаў, дэманструючы паказальныя выступленні, праводзячы конкурсы. Іх пераможцаў нават падымалі ўгару на пажарным пад’ёмніку.
— Так мы завяршалі 3-ці этап акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» — патлумачыў інспектар ІНіП РАНС Віталь Чэпікаў. — Але гэты заклік не губляе актуальнасці, наперадзе ў дзятвы — цэлае лета, і яно павінна быць бяспечным.
Самай відовішчнай, вядома ж, была канцэртная пляцоўка, дзе свае таленты дэманстравалі дзіцячыя калектывы Дома культуры, цэнтра дзяцей і моладзі, школы мастацтваў.
Гледачы разважалі над галоўнай інтрыгай, прапанаванай вядучымі ў вобразах паслухмянай Чырвонай Шапачкі і шкодніцы Бабы Ягі — чые паводзіны па-сапраўднаму правільныя?
Дарослыя, захутаныя ў дэмісезонныя курткі, спачувалі маленькім артыстам, якія выходзілі выступаць у яркіх, лёгкіх канцэртных касцюмах. А ім было весела і горача. Бо так здорава весяліцца ў кампаніі сяброў, клоўнаў, гуляць з бібліятэкарамі, якія пераўвасобіліся ў казачных персанажаў. Больш паважныя ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў на асфальце, любаваліся на выставы, ласаваліся салодкай ватай. Ды ўсё ж не стрымліваліся — і іх дзіцячая непасрэднасць, жывая энергія знаходзіла выхад у скачках на батутах, мітусні, рухавых гульнях, танцах. Усё, як у шчаслівых дзяцей.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: моманты свята.
Фота аўтара.