На Городокщине прозвенели первые звонки

Актуальное Повод

Які ўсё ж-такі выдатны дзень у календары 1 верасня! Дзень ведаў, дзень пачатку новага навучальнага года, быў заліты святлом восеньскага сонца, асветлены радаснымі ўсмешкамі, расквечаны рознакаляровымі пышнымі букетамі. Слаўны дзень, калі кожны адчувае сябе далучаным да ўстаноў адукацыі.
Падзяліць з рабятамі, педагогамі, бацькамі ўрачыстасці ва ўсе школы раёна адправіліся кіраўнікі раёна, прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, шэфскіх прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый. Не змяніў традыцыі наведаць сцены роднай Бычыхінскай СШ міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка, а старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў разам са старшынёй Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта Пятром Карабачом паспелі на ўрачыстыя лінейкі ажно ў чатырох школах — абедзве гарадскія, Езярышчанскую, і Вархоўскую д/с-ПШ.
Парушыўшы храналагічную паслядоўнасць падзей, пачнём з візіта ў Езярышча. Гэты памежны з Расіяй пасёлак апошнім часам перажывае некаторы заняпад. Напрыклад, у першы клас тут пайшлі ўсяго пяцёра дзяцей. Але думкі кіруючых асоб накіраваны на тое, каб ажывіць, падтрымаць колішні раённы цэнтр.Zvonok— Віншую першакласнікаў, якія ўрэшце пойдуць дарогай ведаў, — звярнуўся з прывітаннем да іх У.У. Цярэнцьеў. — Віншую адзінаццацікласнікаў, для якіх наступае фінішны этап на гэтым шляху, падчас якога ім належыць зрабіць грунтоўны выбар будучыні. Віншую ўсіх, хто сёння сабраўся на святочную лінейку. Сустракаючы ў гэтай школе на ранішніку Новы 2017 год, мы паабяцалі, што акажам Езярышчанскай СШ садзейнічанне ў развіцці. Сёння прыемна трымаць справаздачу аб тым, што абяцанне не засталося словамі: ужо заказана праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт школы. Летам 2018 г. будуць заменены дах, вокны — на шклопакеты, будынак чакае цепларэнавацыя, будзе ўладкаваны новы стадыён, выкананы ўнутраныя работы. Ваша школа мае багатыя традыцыі, галоўная з якіх — даць і атрымаць трывалыя веды. Шануйце яе і надалей, а мы дапаможам умацаваць навучальную і гаспадарчую базу.
Думку, што пасёлак, пачынаючы са школы, павінен жыць і развівацца, падтрымаў П.П. Карабач. Ён давёў да ведама жыхароў пасёлка, што кіраўніцтвам раёна з канцэрнам «Дзецкасельскі-Гарадок» дасягнута дамова аб будаўніцтве ў г.п. Езярышча ў 2018 г. вытворчага аб`екта па перапрацоўцы малака. Будуць працоўныя месцы — люді адчуюць стабільнасць, знікне жаданне пакідаць родныя мясціны, моладзь будзе вяртацца на малую радзіму.
Госці ўручылі школе сертыфікаты: на суму 2000 руб. на набыццё спартыўнага інвентара і абсталявання — ад аблвыканкама; на суму 1700 руб. на набыццё школьнай мэблі — ад райвыканкама; на суму 100 руб. на набыццё сталовага посуду — ад РКП № 8 г. Гарадка філіяла ААТ «Беларусбанк». Не пакідае без свайго пасільнага ўклада школу і садок КУСГП імя Дзімітрава. Яго кіраўнік Л.А. Усеваладава прыпаднесла на іх патрэбы адпаведна 100 і 50 руб.
Істотныя падарункі зроблены СШ № 2 г. Гарадка, якая ўпершыню расчыніла свае дзверы роўна 30 год таму. Зараз у школе актыўна ўзмацняецца спартыўная база. Дапамогуць гэтаму сертыфікаты на набыццё спартыўнага інвентара: на суму 3000 руб. — ад аблвыканкама; на суму 5000 руб. — ад райвыканама (ён таксама падарыў сертыфікат на суму 1900 руб. на набыццё школьнай мэблі). Спартыўныя прылады школе падарылі ГА «Белая Русь», ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», РАУС, райспажыўтаварыства.
— Шыкоўную вялізную шацёр-палатку для паходаў з начлегамі падарыў нам на гэты раз наш міністр, наш Уладзімір Аляксандравіч, — пахвалілася дырэктар Бычыхінскай СШ Вера Шэнец. — Прадпрыемства меліярацыйных сістэм узбагаціла нас на кухонны камбайн, а КУСГП імя Свярдлова — на сертыфікат для набыцця спартыўнага інвентара на суму 300 руб.
Асаблівым стала 1 верасня і ў СШ № 1 г. Гарадка: тут адбылося ўрачыстае адкрыццё трох пляцовак комплекснага навучальнага спартыўна-аздараўленчага цэнтра «4 сезона здароўя». У яго ўвайшлі пляцоўка для заняткаў варкаўтам з шасцю спартыўнымі комплексамі, дзве іміджавыя пляцоўкі: па вывучэнні ПДР з 46 дарожнымі знакамі і па асновах бяспечнай жыццядзейнасці, стэнды, бегавыя дарожкі з унікальным пакрыццём. Падрабязнасці чытайце ў наступным нумары «Гарадоцкага весніка». А госці і тут уручылі сертыфікаты: на суму 3000 руб. на набыццё спартыўнага інвентара і абсталявання — ад аблвыканкама; на суму 3720 руб. на набыццё школьнай мэблі — ад райвыканкама.
— Не варта гаварыць пра пачатак новага навучальнага года як пра пачатак «катаргі», — звярнулася да карэспандэнта выпадковая ўсмешлівая субяседніца, якая праважала ў школу дзіця. — Гэта ж такі перыяд, калі можна адкрываць новае, нязведаннае, сябраваць, гуляць, энергіі хапае на гурткі, секцыі, гульні.
Кніжныя паліцы ў дамах і кватэрах ужо запоўнены падручнікамі. Галоўнай сярод іх кнігай, якую ў падарунак ад Прэзідэнта атрымлівае кожны першакласнік — сёлета іх у раёне 205 — будзе «Беларусь — наша Радзіма». Пачытаўшы яе, дзеці навучаюцца паважаць спадчыну, любіць радзіму і растуць патрыётамі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: першы званок у Езярышчанскай СШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *