Главный приз лотереи — индюк — сподвигнул городокчанку Наталью Чулкову развести хозяйство

Актуальное

  Куры, в’етнамскія свінні, мускусныя і башкірскія качкі, індыкі… Менавіта індык, выйграны ў латарэю, натхніў Наталлю Чулкову на вядзенне ўласнай гаспадаркі.induk

  На святах, якія праходзяць у Гарадку з розыгрышамі латарэі, Наталля не губляе часу. Гуляе кожны раз усур’ёз, набываючы да 30 білетаў. Яйкі, зерне, драбяза… Гэты скарб прыходзіцца насіць дадому па некалькі разоў. Гуляючы ў мінулым годзе разам з сынам Паўлам, яны ўсё-такі ўзялі галоўны прыз — вялізнага індыка.
— Калі я прынесла яго дадому, а гэта было на Масленіцу ў 2016 годзе, яшчэ ляжаў снег. Думала, куды пасяліць, — расказвае Наталля.- Месца знайшлося ў хляве, потым да індыка далучылі яшчэ двух. Гаспадар пачаў будаваць яшчэ адзін хлеў, бо марылі набываць свіней, птушку, для індыкоў зрабілі асобную прыбудову ля лазні.
У гэтым годзе гаспадарка  папоўнілася на мускусных і башкірскіх качак, в’етнамскіх свіней, ёсць і куры, як звычайныя, так і рэдкіх парод.
— Вялікая гаспадарка патрабуе, канешне, і грашовых укладанняў: набываем зерне, камбікорм. Але ж і аддача ёсць, бо яйкі мы не купляем, мясам сябе забяспечваем, — тлумачыць гаспадыня. — Калі я на рабоце (Наталля працуе медсястрой), то сыны, Павел з Кірылам, і накормяць жыўнасць, і вады наліюць. Пакрыху- пакрыху, а гаспадарка стала прыбаўляцца. Нас гэта зацікавіла: за птушкамі ды жывёлай даглядаць трэба, як за дзеткамі, затое прыемна бачыць вынікі сваёй працы.
Куранят прынята лічыць увосень. Бачна, што за лета на падворку іх колькасць вырасла ў некалькі разоў. Цяпер Наталля марыць набыць інкубатар для яек, зрабіць качкам вадаём. Яна кажа, што гуляць у латарэю будзе і далей. Павел спецыяльна  адкладвае дробныя грошы на пакупку латарэйных білетаў, бо хоча набыць іх не меней за 50.
— Азарт захапляе, нібы круціш барабан на «Полі цудаў»,- смяецца Наталля. — У наступны раз хочам выйграць цяля, таму Павел і стараецца папаўняць сваю скарбонку.
Што ж, хочацца пажадаць Наталлі і Паўлу, каб ажыццявіліся іх планы, а месца ў хлеўчуку заняў бычок. Застаецца толькі чакаць святаў і сачыць за розыгрышамі латарэй.
Галіна КАВАЛЁВА.
На здымку: Наталля з Паўлам на сваім падворку.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *