Продолжатели учительской династии преподают иностранные языки в СШ № 2 г. Городка

Актуальное Образование

  Настаўніцамі замежных моў у СШ № 2 г. Гарадка працуюць Наталля Сяргееўна Малахава і Алена Юр’еўна Тамілава. Але не толькі блізкасць прафесій аб’ядноўвае гэтых абаяльных жанчын. Абедзьве яны, цёця і пляменніца, — прадстаўніцы вялікай настаўніцкай дынастыі Кіраёнкаў, агульны педагагітчны стаж якой складае каля 200 гадоў. Захапленне і павагу выклікае, калі любімую прафесію продкі перадаюць у спадчыну сваім нашчадкам. Тыя прымаюць яе, хаця на прыкладзе старэйшых сваякоў ведаюць, які няпросты шлях давядзецца прайсці, колькі любові, натхннення, цярпення павінна знайсціся ў сэрцы!ucitelya

  Заснавальнік дынастыі, Фёдар Мікітавіч Кіраёнак, жыў у Вышадках. Ён быў адным з нямногіх пісьменных сялян і ахвотна навучаў грамаце іншых. Двое з яго чацвярых дзяцей, Сяргей і Надзея, настаўнічалі ў Вышадках яшчэ да вайны. Абодва яны спасціглі ваеннае ліхалецце, Сяргей Фёдаравіч (бацька Наталлі Сяргееўны) быў камандзірам аднаго з партызанскіх атрадаў у шчаўбоўскіх лясах, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і многімі медалямі. Яго сястра Надзея мела баявы медаль «За адвагу», а ў мірны час — «За працоўную доблесць». Першая жонка С.Ф. Кіраёнка, Марыя Аляксандраўна, таксама была настаўніцай, і яе праца была адзначана медалём «За працоўную доблесць». Абедзве іх дочкі, Святлана і Людміла (маці Алены Юр’еўны), пайшлі ў настаўніцтва па слядах бацькоў. Аўдавеўшы, Сяргей Фёдаравіч ажаніўся зноў жа на настаўніцы, Лідзіі Маркаўне (маці Наталлі Сяргееўны).
— Дык хіба маглі мы, вырасшы сярод настаўнікаў, пайсці іншым, чужым, шляхам? — заўсміхаліся субяседніцы. — Гэта ж быў сплаў біяграфій годных, моцных, улюблёных у сваю справу педагогаў!
Успаміны пра дзяцінства, якое прайшло сярод школьных парт, пад даглядам вучняў старэйшых класаў ды тэхнічных работнікаў; пра тое, як суседзі з усей вуліцы прыходзілі ў настаўніцкую двухпакаёўку глядзець адзіны на ўсіх тэлевізар; пра агульную настаўніцу геаграфіі Славецкую К.П.; пра тое, як ім абедзвюм, калі яны былі вучаніцамі сярэдніх класаў, мамы давяралі праверку сшыткаў… Здаецца, слухаў бы і слухаў — з такім запалам, дабрынёй, гумарам пра гэта расказвалі Наталля Сяргееўна і Алена Юр’еўна. Усплывалі ў памяці і свае школьныя гады, свае настаўнікі, усё тое лепшае, што звязана з выдатным часам вучнёўства, сябрамі дзяцінства, першымі здабыткамі і расчараваннямі.
І зноў пра дынастыю: брат А.Ю. Тамілавай Сяргей, які быў афіцэрам, усё ж цяпер таксама педагог. Як і яго жонка Таццяна. Магчыма, па іх слядах пойдзе і дачка-старшакласніца. Настаўніцай у ДШМ г. Гарадка працуе дачка Святланы Сяргееўны М.У. Пракоф’ева…
— У памяці застаюцца ўсякія вучні, а дакладней — усе, — сцвярджаюць настаўніцы. — Наша работа — даваць веды. Столькі, колькі ў цябе ёсць, колькі здольны ўзяць вучань, да кожнага падыход павінен быць асабісты. Але куды больш важна — выхоўваць чалавека. Найперш — уласным прыкладам выхаванасці, прыстойнасці, сумлення. Ва ўмовах нашага невялікага гарадка гэта кругласутачная справа, настаўнік жа — асоба прыкметная, на яго заўсёды звяртаюць увагу, ён як маральны эталон паводзін, ладу жыцця.
Калегам жанчыны пажадалі адчуваць сябе ўтульна  на сваім месцы, быць патрэбнымі і рабіць сваю светлую настаўніцкую справу на «выдатна». Тады будзе і задавальненне, і жаданне, і радасць!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *