Довольные покупатели — главное для продавца магазина в д. Дуброво Надежды Паршонок

Актуальное Качество жизни

  Жыхарам в. Дубрава пашанцавала, што ў іх магазіне другі год працуе такая абаяльная, шчырая, добрасумленная жанчына — прадавец пятага разраду з 34-гадовым стажам работы ў магазінах райспажыўтаварыства Надзея Паршонак (на здымку). Яна стараецца зрабіць усё магчымае, каб у людзей быў разнастайны выбар тавараў і не было патрэбы ехаць за самым неабходным у Гарадок. Вясковыя людзі прызналі яе сваёй і цяпер кажуць, што іншага прадаўца ніколі і не жадалі бачыць у вясковым магазіне.ProdavecДа ўсяго ў жыцці патрэбна адносіцца вельмі сур’ёзна, асабліва да працы. Гэтага жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца Надзея Анатольеўна.
Працоўны дзень яна пачынае з агляду гандлёвай залы: наяўнасці ў ёй гародніны, малочных прадуктаў, хлебабулачных вырабаў і іншых тавараў. Далей — заказы, прыёмка тавараў. Завозяць прадукты з базы райспажыўтаварыства ў аўторак і чацвер, з Віцебска дастаўляюць каўбасы, малако. У магазіне заўсёды ёсць з чаго выбраць: пельмені, мясныя вырабы, рыба ўсякіх гатункаў… Хлебабулачныя вырабы прывозяць кожны дзень, каб людзі маглі ўзяць свежае.
— Вяскоўцы ахвотна купляюць улетку марожанае, напоі, зараз, калі ўжо няма сваёй садавіны, бяруць і вінаград, і хурму, — кажа прадавец. — Перад святамі дапамагаю выбраць падарункі, сама камплектую салодкія наборы. Тавар стараюся рэкламаваць, падказваць, што больш таннае, якаснае, бо галоўнае для мяне, каб людзі былі задаволеныя.
Ад яе работы залежыць зацікаўленасць пакупнікоў у наведванні гандлёвага аб’екта, таму што ў суседнім памяшканні размяшчаецца магазін індывідуальнага прадпрымальніка. Але Надзея не баіцца канкурэнцыі, бо аб тым, што гандлёвая кропка і сапраўды прываблівае пакупнікоў, лепш скажуць лічбы, якія назвала начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства В.У. Ігнацьева:
— За дзевяць месяцаў бягучага года толькі па тэрміналах у Дубраўскім магазіне рэалізавана тавараў на 16,7 тыс. руб. Тавараабарот за гэты перыяд склаў 78,02 тыс. руб., у супастаўных цэнах — 88%. Гэта добры паказчык. Калі б ні завітаў у магазін — кожны тавар на сваім месцы, усюды чыста.
Акрамя прадуктаў харчавання, якія размяшчаюцца ў маразільніках і на паліцах, тут можна набыць і прамысловыя тавары першай неабходнасці: пральныя парашкі, бытавую хімію, сродкі асабістай гігіены і многае іншае. Надзея Анатольеўна ў магазіне і загадчыца, і прадавец, і грузчык, і прыбіральшчык.
— Працую сумленна, — кажа прадавец, — бо праз усё жыццё побач са мной ідзе бабулін наказ, якога прытрымліваюся сама і перадала дзецям: «Жыві бедна, але ніколі не крадзі». Хваліцца не буду, але за гады працы нястач у мяне не было. Умею ладзіць з людзьмі (да кожнага яна звяртаецца ласкава: «Сонца маё»). Выслухаю, паспачуваю, калі трэба, навінамі абмяняемся. Вясковы чалавек прыходзіць сюды не толькі пакупкі зрабіць, але і пагутарыць.
Старшыня Стадолішчанскага сельсавета М.В. Башкіраў не нарадуецца, што ў вёсцы добрасумленны прадавец, якім задаволены жыхары:
— Ніколі не паступала нараканняў на работу магазіна ад насельніцтва. Зайсці сюды заўсёды прыемна.
— Пакупнікі часта ідуць не проста ў магазін, яны ідуць да любімага прадаўца. І гэта праўда, калі па другі бок прылаўка сустракаюць ласкавай усмешкай такія ветлівыя, добразычлівыя работнікі гандлю, як Надзея Паршонак.
Галіна КАВАЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *