Ансамблю песни и танца «Яблынька» Городокского ГДК присвоено звание «Заслуженный любительский коллектив Республики Беларусь»

Актуальное Культура

  Вядучы творчы калектыў нашага раёна, народны ансамбль песні і танца «Яблынька» Гарадоцкага гарадскога Дома культуры, у пятніцу, 8 снежня, годна вытрымаў вельмі адказны экзамен. «Яблынька», якая радуе гледачоў сваімі выступленнямі на працягу 43 год, расцвіла ўзімку — як ніколі. Сваё высокае званне народнага самадзейнага калектыву, атрыманае ў 1983 годзе, яна змяніла на яшчэ больш высокае — «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь»!  
  Хваляванне артыстаў, якія сёння ўваходзяць у склад калектыву, іх радасць ад уздыму на вельмі высокую творчую прыступку (зараз ва ўсёй Беларусі каля 100 калектываў маюць аналагічнае званне, сярод іх — заслужаны клуб майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі» Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору) падзялілі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У. Цярэнцьеў, старшыні Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта П.П. Карабач і раённага Савета дэпутатаў С.Л. Зуева.yablinka

  Адным з заснавальнікаў калектыву разам з былой загадчыцай Гарадоцкага аддзела культуры З.А. Жолудзь быў заслужаны дзеяч культуры Беларусі, славуты віцебскі харэограф і фалькларыст І.А. Серыкаў. Артысты і дагэтуль беражліва захоўваюць творчую спадчыну свайго ідэйнага натхніцеля. Больш сталыя «яблыні» — Наталля Тарасава (балетмайстар калектыву), Ю. Брунэр, В. Іваноў, А. Якаўлеў нясуць яе праз гады і малады «параснік» вучаць танцаваць па-заліхвацку, па-серыкаўску. Нездарма менавіта ў Гарадку асталяваўся абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў «Прыдзвінскія карункі», які ладзіцца ў гонар Івана Серыкава.
Сёння ў ансамблі налічваецца 35 чалавек. А колькі іх, захопленых народнай музыкай, спрадвечнай культурай бацькаўшчыны, прайшло праз творчы цэх «Яблынькі» больш як за чатыры дзесяцігоддзі яе дзейнасці! Лічы, у кожным працоўным калектыве знойдуцца тыя, хто займаўся ў яе складзе. У славе «Яблынькі» ёсць і іх кветачкі. Прыхільнікаў жа ў яскравай суполкі яшчэ больш. Ёй пляскала ў далоні не толькі Гарадоччына і Віцебшчына: апладысментамі дзякавалі «Яблыньцы» на міжнародных фестывалях «Славянскі базар у Віцебску», «Хатмыжская восень», свяце «Александрыя збірае сяброў», тэлепраекце «Зорны шлях», у Лодзі і Пскове…yablinka1
— Ступень нашага задавальнення ад прызнання на ўзроўні рэспублікі перадаць цяжка, — шчыра прызнаецца Дзіна Сцяпанава, якая кіруе калектывам з 1990 г. (на здымку) — Такі высокі тытул — гэта прэстыж не толькі самой «Яблынькі». Гэта важкі ўклад у культурную скарбніцу ўсёй таленавітай Гарадоччыны. Дзесяцігоддзі заўзятай працы аддадзены ансамблю яго вакалісткай Валянцінай Пракоф’евай. Цяжка пераацаніць палёт душы Вячаслава Мурашкевіча, нашага музычнага кіраўніка, аўтара і аранжыроўшчыка адметных песень з нашага рэпертуару. На словы нашага славутага земляка Уладзіміра Скарынкіна ім напісаны «Вяселле едзе», «Як цешчы спадабацца». Песні беларускіх аўтараў мы заплятаем у шыкоўныя вянкі песень. Пад танцы «Расшугалец», езярышчанскую «Расхадуху-барыню», «Пляскач», «Закаблукі», пальмінскую кадрылю «Зязюлька» цяжка ўседзець на месцы. Масавыя, а таму асабліва відовішчныя нашы фірменныя вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі «Яблынька», «Кірмаш», «Лявоніха», «Полька-весялуха», «Вяночкі»… Гэта складаны, таму рэдкі, але вельмі эфектны сінтэз інструментальнага, вакальнага і харэаграфічнага жанраў. Усім, хто зараз выступае ў залатым складзе калектыву — мой нізкі паклон. Вялікі дзякуй нашым папярэднікам-кіраўнікам, экс-артыстам, прыхільнікам. «Яблынька» нас злучыла!
Выдатна, што гэты ансамбль рыхтуе сабе пераемнікаў. На харэаграфічным аддзяленні ДШМ г. Гарадка трывалыя традыцыі менавіта народнага танца. Нездарма на сцэне адначасова можна ўбачыць танцораў адразу трох узроставых груп. «Яблынька», якая калісьці задумвалася як калектыў-спадарожнік знакамітай віцебскай «Маладосці», гадуе ў сцянах музычнай школы юны калектыў-спадарожнік — ансамбль песні і танца «Задоринки».
Бела-пяшчотна-зялёна-ружовае карункавае воблака на сцэне. Вясна ў любую пару года. Мілагучныя спевы выклікаюць слязу замілавання. Мяняецца на жартоўны характар песні — зала асвятляецца ўсмешкамі. Замільгалі боцікі на спрытных ножках — то кінуліся ў скокі зграбныя дзяўчаты, а іх падхапілі-закружылі рухавыя хлопцы. Ах, як хораша! Як на месцы ўседзець? Гараць адбітыя далоні. Спрадвечнае, сваё, дарагое суцяшае і радуе сэрца, стомленае ненатуральнасцю, засіллем штучнай эстрады. Бо выступае гарадоцкая «Яблынька». Цвіці, родная, упрыгожвай свет, не давай згаснуць агеньчыку ісціны і падмяніць сапраўдныя духоўныя скарбы нашай зямлі!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота з архіва рэдакцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *