В СШ № 1 г. Городка открыт обновленный музей

Актуальное Образование

  У рамках святкавання Дня вызвалення г. Гарадка і Гарадоцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 23 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё Народнага музея Баявой Славы СШ № 1 г. Гарадка. Сёлета экспазіцыйныя плошчы музея, які дзейнічаў у навучальнай установе з 1983 г., а ў 2001 г. атрымаў званне народнага, значна пашыраны. Замест колішніх тканкавых стэндаў з’явіліся сучасныя. Моцнае эмацыянальнае ўздзеянне аказваюць фотаздымкі, якія захавалі красамоўныя факты Вялікай Айчыннай. Разам са стэндамі ў дзвюх залах размешчаны цікавы прадметны план. Строгая стылістыка афармлення падкрэслівае каштоўнае начыненне — экспанаты. Асаблівую атмасферу стварае спецыяльнае асвятленне, якое праводзіць мяжу паміж штодзённым і вечным.muzey

  У аснову экспазіцыі пакладзены матэрыялы аб Гарадоччыне ў гады акупацыі, яе вызваленні, подзвігах землякоў падчас вайны. Асобны стэнд прысвечаны настаўнікам-ветэранам. Створана экспазіцыя, якая расказвае аб гісторыі і дасягненнях школы, тых людзях, якія складаюць яе гонар. Фонд музея складаецца з 810 экспанатаў.
Першымі наведвальнікамі, ганаровымі гасцямі, якім было прадастаўлена права перарэзаць чырвоную стужку, былі старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У. Цярэнцьеў, старшыня раённага выканаўчага камітэта П.П. Карабач, старшыня раённага Савета дэпутатаў С.Л. Зуева, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.В. Мірош. Пасля агляднай экскурсіі па музеі яны разам з в.а. першага сакратара РК БРСМ А.М. Козыравай і раённым ваенным камісарам А.А. Марчанкам прынялі ўдзел у цырымоніі ўручэння членскіх білетаў РГА «БРСМ» старшакласнікам першай школы, якія ўступілі ў рады гэтай самай масавай маладзёжнай арганізацыі Беларусі.
— Ля вытокаў стварэння музея стаяла энтузіяст Л.А. Кургановіч, — расказалі сённяшнія яго куратары, таксама настаўнікі гісторыі Л.Ф. Сідарэнка і Т.А. Бульбянікава. — Пад яе кіраўніцтвам школьнікі сустракаліся з ветэранамі вайны і працы, старажыламі г. Гарадка, запісвалі іх успаміны. Захаваліся відэазапісы гэтых гаворак. Рабяты і настаўнікі збіралі дакументы, іншыя матэрыялы. Дагэтуль крыніцай надзейнай інфармацыі для нас застаецца кніга «Памяць. Гарадоцкі раён», артыкулы раённай газеты. Самыя каштоўныя экспанаты музея — шматлікія лісты ветэранаў, у тым ліку тых, хто вызваляў наш раён.
— Прыцягваючы рабят да краязнаўства, Т.А. Бульбянікава вядзе факультатыў «Музейная справа», а Л.Ф. Сідарэнка — «Юныя экскурсаводы», — дадала дырэктар школы Н.І. Смірнова. — Вялізную дапамогу нам аказаў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Створаная платформа надасць штуршок для далейшага развіцця і ўдасканальвання.
У задумах адміністрацыі, у прыватнасці, — наданне асаблівай увагі тэме Афганскай вайны, выпускнікам школы, якім давялося прайсці яе дарогамі. Будзе працягнута цікавая практыка правядзення ўрокаў гісторыі і пазакласных мерапрыемстваў менавіта ў музеі. Тут дзеці дакранаюцца да пакутніцкіх і гераічных старонак мінулага свайго краю, дазнаюцца аб подзвігах землякоў, якія жыццём, а хто і смерцю зацвердзілі права на жыццё наступных пакаленняў. Так выхоўваецца патрыятызм і фарміруюцца сапраўдныя каштоўнасці.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: экскурсію ў адноўленым музеі вядуць Вікторыя Дворак і Назар Краўцоў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *