Купальная ночка каротка, а дзевачкам нашым заботка…..

Актуальное Повод

Купалле — старажытнае абрадавае свята сонца і агню, божышчаў урадлівасці і росквіту зямлі. «Сёння — Купалка, а заўтра — Іван…», — спяваюць у нашай мясцовасці.

На фотаздымку: удзельнік народнага фальклорнага гурта «Глейна» Пётр Качанаў.
На фотаздымку: удзельнік народнага фальклорнага гурта «Глейна» Пётр Качанаў.

Старажылы і носьбіты фальклорных традыцый Гарадоцкага раёна расказваюць пра свята так: «Дзяўчаты збіралі лекавыя зёлкі, кветкі, вяночкі звівалі, хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча» (запісана ў 1999 г. ад Кардзецкай Т.А. в. Кукава). А вось як пра Купалле расказвала Мандрык Н.М. (в. Вярэчча): «Мальцы з ранку пачыналі рыхтавацца, збіралі па вёсцы ламаныя каткі ад калёс, ламачча рознае. Вогнішча складалі каля рэчкі ці на паляне, прыходзілі ўсе — моладзь і старыя. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі (яечняй), варажылі, плялі вянкі. Песні спявалі, праз вогнішча скакалі, а дзеўкі вяночкі ў ваду кідалі, кідалі і загадвалі: чый вяночак быстрей уплывёт, тая і замуж выйдзе быстрей. А яшчэ мальцы кідалі вяночкі на адным беразе рэчкі, а дзеўкі — на другім, мой вяночак з Лёшкіным саедзяніліся — за яго і замуж пайшла» (захавана дыялектная мова мясцовасці).

Купальная ночка каротка,

А дзевачкам нашым заботка,

Мы будзем цвяточкі збіраці, 

Да будзем вяночкі звіваці…..

Як па жыту луны ходзяць,

Каля жыта дзеўкі пяюць…..

У купальскіх песнях нашага краю адлюстроўваецца перыяд даспявання збожжа, клопаты земляробаў, уключаны матывы кахання, замужжа, жартоўныя і гумарыстычныя інтанацыі.

Разам з добрымі духамі, паводле многіх уяўленняў, у гэтую ноч розныя злыя сілы імкнуцца рабіць шкоду чалавеку. Мабыць таму моладзь скакала праз агонь, каб зберагчы сябе ад уздзеяння варожых сіл, ачысціць і захаваць ад дурнога вока, хваробы.

Заканчвалася свята ля ракі. Там назіралі за гульнёй сонца на паверхні вады. За гэтым трэба было назіраць або прыжмурыўшы вочы, або не маргаючы. Каб паглядзець на тое як гуляе сонца малыя дзеці прачыналіся, як мага раней і беглі на раку. 3 асвечанай зелені вілі вянкі і захоўвалі іх як сродак супраць злой сілы.

Захаванне аўтэнтычнага фальклору на Гарадоччыне з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў  Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці. У кожнай установе культуры раёна праходзяць купальскія святы. Карагоды з Купалінкай, спевы пад гармонік, вясёлыя танцы, народныя гульні і шмат цікавых момантаў чакае ўсіх, хто апынецца на свяце прыроды і музыкі.

Лілія РЭЗКІНА, намеснік дырэктара ЦТКіНТ.

 

 



Теги: