Хутаране

2018 - ГОД МАЛОЙ РОДИНЫ Актуальное

Вёска Зуі-2, што ў Першамайскім сельсавеце сёння больш нагадвае хутар. У ім жывуць брат з сястрой — Зінаіда Гайдукова (на здымку) і Анатолій Шалабоўка. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яны вырашылі захаваць бацькоўскую сядзібу і гадоў дзесяць таму вярнуліся на малую радзіму.

№55 пол 4 год малой родины

  Цішынёй  і спакоем сустракае гэты ціхі куточак. Вакол — бярозавыя гаі, пагоркі і бязмоўе залітай сонцам сакавітай травы. Здаецца, што навокал нікога няма. І толькі звонкі брэх сабакі Чапы абвясціў аб тым, што жыццё ў Зуях-2 усё ж такі існуе. Са шчырай усмешкай сустракае на парозе дагледжанага доміка Зінаіда Мікалаеўна і ветліва запрашае ў хату. Анатоля Мікалаевіча, на жаль, не было: па гаспадарчых справах паехаў на матаблоку ў аг. Вархі.

  — У сэрцы пануюць успаміны, — пачынае гутарку гаспадыня. — Тут жылі мае бабуля і дзядуля, бацькі, у гэтых мясці­нах прайшло дзяцінства. Нас у сям’і было чацвёра. Я нарадзілася ў 1946 г., памятаю, як цяжка жылося тады ўсім. Бацькі ў калгасе працавалі за працадні, бо грошы ім не плацілі. Мама расказвала, што са швейнай машынкай у руках дайшла да Польшчы і там абмяняла яе на цёлачку. Прывяла дадому, выгадавалі кароўку, тады ўжо лягчэй стала.

  Зінаіда Мікалаеўна ўспамінае, што вучыліся ў Вархоўскай школе, кожны дзень па тры кілометры ў адзін бок хадзілі. У вёсцы ўсе суседзі дружна жылі, святы разам адзначалі, навіны абмяркоўвалі. Гісторыю ўзнікнення населенага пункта яна не ведае, аднак кажа, што ў ваколіцы шмат людзей жыло з прозвішчам Зуевы. Магчыма, таму і вёска атрымала такую назву. Пасля заканчэння школы дзяўчына атрымала прафесію швачкі ў Віцебску, выйшла замуж, кватэру набылі. Дзве дачкі і двое ўнукаў — вялікае шчасце для яе і мужа. Але ж ніколі не забывалася Зінаіда пра родную вёску: кожны выхадны прыязджала сюды, каб дапамагчы маці. Тая, як кажа жанчына, да 80 гадоў яшчэ карову трымала, свіней.

  — Пасля смерці мамы, — працягвае суразмоўца, — нейкі час думалі, што з хатай рабіць. К таму часу мы з Анатолем ужо на пенсіі былі. Спачатку вагаліся, сумненні былі наконт пераезду. Аднак першымі прыехалі сюды ў 2009 г. мы з мужам, а потым — брат. Хату і печы крыху падрамантавалі. Трымалі вялікую гаспадарку, а цяпер толькі куры засталіся. Агарод апрацоўваем, дзве цяпліцы ёсць. Расаду сама вырошчваю. Дзеці прыязджаюць, унукі. У нас тут вельмі прыгожа: вясной на кожнай сядзібе сады квітнеюць, летам вёска патанае ў зеляніне. Лес багаты ягадамі, грыбамі. Толькі вось збіраць гэтае багацце ўжо амаль няма каму.

  Зінаіда Мікалаеўна расказвае, што ў наваколлі шмат дзікіх звяроў: сляды ваўкоў бачылі, казулі на падворак прыходзяць і пасвяцца прама перад вокнамі. Гаспадары жывуць з жыхарамі лесу мірна. Баяцца тут няма чаго. Ды і несумна ім у вёсцы. Аўталаўка два разы на тыдзень прывозіць усё неабходнае, газеты і часопісы на машыне паштовай сувязі дастаўляюць. Удзячны хутаране і старшыні сельвыканкама Алене Усенка, якая дае адказы на розныя хвалюючыя пытанні. Алена Пятроўна таксама не нарадуецца гэтым людзям за іх жаданне жыць на малой радзіме.

  — У абласным цэнтры засталіся ў нас кватэры, куды можна вярнуцца ў любы момант, дзеці клічуць у горад, — гаворыць Зінаіда Гайдукова. — Але што горад? Бывае, да доктара з’езджу і адразу назад вяртаюся:. Там людзей шмат кругом, машын. А тут цішыня, прыемна слухаць прыроду. Сваю «адзіноту» з гаючым паветрам і ляснымі скарбамі пакуль не збіраемся мяняць на гарадскія зручнасці.

  Няхай так і застаецца як мага даўжэй, каб працягвалася жыццё ў гэтым краі, а сцены роднай хаты сагравалі тых, хто вярнуўся на зямлю бацькоў.

Галіна КАВАЛЁВА, г. Гарадок.

 



Теги: