Са спадчынай продкаў — у будучыню

Актуальное

Кошкіна — цудоўная мясціна, якая знаходзіцца ў трох кіламетрах ад вёскі Лахі. У пачатку XX стагоддзя ў Кошкіна налічвалася 59 жыхароў, што вялі гаспадарку на 17 дварах, працавала школа граматы. У кастрычніку 1942 г. нямецка-фашысцкія акупанты спалілі вёску і загубілі чатырох жыхароў. У 1960 г. вёска аднавілася, у ёй налічвалася 84 жыхары. Хлопцы з Кошкіна ўзялі замуж дзяўчат з суседняй вёскі Альшанікі і пачалося мірнае і працоўнае жыццё. Было тут месца спевам і музыцы. Святкавалі вяселлі і хрэсьбіны, святы народнага календара — Каляды, Купалле, Зажынкі, Дажынкі, ладзілі вячоркі, на якіх гучна іграў гармонік і танчылі любімыя Кракавяк, Ленцея, Падыспань, Зялёную рошчу, Барыню, Каробачку, Сямёнаўну і інш.

№61 пол 4

Падчас экспедыцыі мы сустрэліся з пастаяннымі жыхарамі вёскі Кошкіна: Лінай Яфімаўнай Ягоравай 1934 г. н., Раісай Фёдараўнай Котавай 1931 г.н., Мінавымі Надзеяй Іванаўнай і Генадзем Фёдаравічам 1940 г.н.

  Працалюбівы гаспадар,  добразычлівы і  абаяльны чалавек, таленавіты гарманіст Генадзь Мінаў заўсёды быў «лёгкі на пад’ём». Амаль 20 год ён не браў у рукі гармонік, але, калі ўзяў і пачаў іграць польку, зразумеў, што памятае забытыя мелодыі, і твар сталага чалавека змяніўся, іскрылісявочы, і мы, удзельнікі экспедыцыі, нібыта апынуліся у тых 60-тых гадах яго маладосці. І зазвінелі Барыня і Каробачка, вальс і прыпеўкі. Як расказвае Ліна Ягорава, раней ні адно свята не абыходзілася  без гэтага таленавітага гарманіста. Генадзь Мінаў іграў на вяселлях яе чацвярых дзяцей. Жанчына расказвае, што ў пачатку стагоддзя ткацтва было  захапленнем яе матулі, на жаль не захаваліся кросны, а з работ засталіся толькі «палавікі». Ліна Яфімаўна распавяла нам пра свае маленства і юнацтва, святкаванне святаў народнага календара і вясельныя спевы.

  Носьбіт фальклорных традыцый Раіса Котава шмат расказала пра сваю вёску і старажытныя святы, якія праводзіліся тут раней. Закаханая ў родныя прасторы, яна жыве ў Кошкіна з 1955 г., памятае і цяжкую працу, і добрыя гучныя песні ў выкананні мясцовых дзяўчат і жанчын, а ўвечары — танцы пад гармонік.

  Вынікам даследчай экспедыцыі стала цікавая краязнаўчая інфармацыя, у якой адлюстраваны гістарычнае мінулае і сучаснае жыццё жыхароў вёскі Кошкіна. Архіў Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна папоўніўся новымі песнямі і звесткамі пра адметныя асаблівасці правядзення святаў народнага календара.

Лілія РЭЗКІНА, намеснік дырэктара ЦТКіНТ.



Теги: