Стаць прафесіяналам сваёй справы

Молодежный меридиан

Ветэрынарны ўрач — прафесія, якая патрабуе вышэйшай адукацыі, практычнага вопыту і пэўнага падыходу да жывёл. Так лічыць малады спецыяліст Яўгенiя
Капітонава, якая паўтара года працуе ветурачом на малочна-таварнай ферме «Бярозаўка». За гэты час дзяўчына паспела зарэкамендаваць сябе ў якасці працавітага, адказнага, стараннага і ініцыятыўнага работніка.

З дзяцінства Яўгенiя хацела быць ветэрынарам. Маленькая мара ператварылася ў рэальнасць. Скончыўшы сярэднюю школу г. Бабруйска, яна паступіла ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны на бюджэт. Дзяўчына с поспехам скончыла ўстанову адукацыі, атрымаўшы чырвоны дыплом.
— У школе я вельмі любіла біялогію, і надавала асаблівую ўвагу гэтаму прадмету, бо дакладна ведала, што стану ветурачом і буду лячыць жывёл, — прызнаецца наша гераіня. Падтрымка родных і блізкіх, асабліва бабулі, дапамагла мне дасягнуць пастаўленай мэты.
Напрыканцы вучобы яна паспяхова прайшла пераддыпломную практыку на ферме «Бярозаўка», паказаўшы сябе са станоўчага боку, а пасля прыехала сюды працаваць.
— Гэта добрае месца для адпрацоўкі з годнай зарплатай. Я не шкадую, што засталася тут, — дзеліцца Яўгенія. — І далей планую развівацца ў галіне ветэрынарыі і працаваць на ферме яшчэ некалькі год.
Дзяўчына жыве ў г. Віцебску і кожны дзень ездзіць у Гарадок на працу.
— З часам прывыкаеш да такога рытму жыцця, — прызнаецца Жэня. — Нягледзячы на тое, што мой працоўны дзень пачынаецца ў дзесяць раніцы, ён не заўсёды заканчваецца ў пяць гадзін вечара. Я магу затрымацца на працы, калі, напрыклад, неабходна пракантраляваць вячэрнюю дойку.
Праца на ферме звычайна «кіпіць». Кожны дзень і кожная гадзіна тут распланаваны паміж работнікамі: кармленне, уборка, даенне і г. д.
Па словах маладога спецыяліста, часам ўзнікаюць праблемы, але яны ўсе вырашальныя.
— Калi пачала працаваць, я разбіралася са сваімі абавязкамі, структурай працы на ферме. Спачатку было трохі некамфортна, бо навокал — новыя людзі, але я чалавек камунікабельны, таму знайшла ўзаемапаразуменне з кожным. Калектыў прыняў мяне добра, кіраўніцтва заўсёды падтрымлівае і дапамагае, — распавядае дзяўчына.
Ветэрынарны ўрач у першую чаргу павінен падтрымліваць імунітэт у кожнай жывёлы і не дапускаць іх захворванняў. Таму працоўны дзень маладога спецыяліста пачынаецца з уважлівага агляду пагалоўя. Своечасова праводзіцца вітамінізацыя і вакцынацыя ад розных вірусаў. За ўвесь дзень Яўгенія абслугоўвае каля ста галоў буйной рагатай жывёлы. Дзяўчына вельмі пяшчотна ставіцца да кожнага цяля, клапоціцца аб iх і нават прыдумала кожнаму мянушку.
Яна лічыць, што ветурач павінен любіць жывёл і ўмець знаходзіць да іх пэўны падыход, а таксама загадзя падрыхтоўваць сябе да ўсіх цяжкасцяў, якія могуць паўстаць на прафесійнай ніве.
— Я вельмі хвалююся за кожную жывёлу. Для мяне асабліва цяжка, калі яны хварэюць. Я магу расплакацца, калі здараецца так, што хтосьці з іх знаходзіцца паміж жыццём і смерцю. Але я разумею, што трэба ўзяць сябе ў рукі і змагацца за жыццё жывёлы да апошняга, — кажа ветурач. — Гэта каласальны вопыт, дзякуючы якому я станаўлюся мацней.
Яўгенія яшчэ і творчы чалавек. Дзяўчына восем гадоў займалася бальнымі танцамі, таму ў вольны час стараецца не забываць харэаграфію.
— Я хачу стаць прафесіяналам сваёй справы! Прафесія ветэрынарнага ўрача — гэта прафесія ад Бога, таму трэба аддавацца сваёй працы цалкам, надаваць шмат увагі, часу і чымсьці ахвяраваць, — падагульняе ветурач Яўгенія Капітонава.

Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *