Свята майстэрства і натхнення

Актуальное Образование

Менавіта так можна назваць фінал раённага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года-2020», які адбыўся на базе сярэдняй школы № 1 г. Гарадка 25 студзеня. Дзесяць выдатных педагогаў Гарадоччыны трымалі экзамен на званне лепшага ў сваёй справе перад аўтарытэтным журы, сваімі калегамі і вучнямі.

    Зала ўстановы адукацыі была запоўнена ўдзельнікамі, групамі падтрымкі, навучэнцамі і настаўнікамі. Ацэньвала веды і таленты канкурсантаў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты аддзела па адукацыі райвыканкама, Гарадоцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі.
Хто ж яны — дзясятка лепшых удзельнікаў конкурсу? Умелыя, мэтанакіраваныя, крэатыўныя, мудрыя, шчыра ўлюблёныя ў прафесію свайго жыцця. У адных з іх педагагічны шлях толькі пачынаецца, другія крочаць па гэтай пачэснай дарозе не адно дзесяцігоддзе. Вядучая свята — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 1 Наталля Сушко — запрасіла на сцэну канкурсантаў: настаўніка англійскай мовы ДзУА «СШ № 1 г. Гарадка» Таццяну Бельчыкаву, настаўніка пачатковых класаў гэтай жа школы Дзіяну Гораву, настаўніка пачатковых класаў ДзУА «Межанская дз/с — СШ» Алену Гаўрылюк, настаўніка англійскай мовы ДзУА «Езярышчанская СШ» Наталлю Галаўко, выхавацеля ДзУА «Пальмінскі яслі-сад» Марыю Захарэнка, выхавацеляў ДзУА «Яслі-сад № 1 г. Гарадка» Святлану Ціханаву, ДзУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка» Юлію Кузьміну, настаўніка рускай мовы і літаратуры ДзУА «СШ № 2 г. Гарадка» Наталлю Фофанаву і настаўнікаў пачатковых класаў ДзУА «Бычыхінская СШ» і ДзУА «Пальмінская СШ» — Надзею Фядотаву і Наталлю Храмцову.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў конкурсу звярнулася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама, старшыня журы Наталля Бераснева. Яна выказала падзяку фіналістам за смеласць і імкненне да перамогі, падкрэсліла, што ўсе яны — граматныя, творчыя, заслужылі аўтарытэт сярод вучняў і калег, і пажадала ўпэўненасці ў сваіх сілах і поспеху. Конкурс пачаўся з творчага самапрадстаўлення. Дзеянне, якое разгарнулася на сцэне, яркае, відовішчнае, захапляльнае. Чаго тут толькі не было! Адны або з групамі падтрымкі, з дэкарацыямі ці без іх канкурсанты кранальна і ўзнёсла апавядалі пра сябе ў песнях, вершах і прозе на фоне душэўных мелодый. Выступленне кожнага ўдзельніка гледачы суправаджалі гучнымі апладысментамі. У кожнага з канкурсантаў былі свае адметныя «разыначкі» і ў час прадстаўлення вопыту педагагічнай дзейнасці на другім этапе фіналу. Але ўсе сышліся на адной думцы, што самае захапляльнае ў прафесіі педагога — бясконцае падарожжа па Краіне Ведаў да новых вяршыняў разам з вучнямі і выхаванцамі.
Выбраць пераможцу аказалася складанай задачай. Кожны з фіналістаў заслугоўваў права назвацца лепшым. І толькі лічбы ў выніковай табліцы расставілі ўсе кропкі над «і»… Доўгачаканы і хвалюючы момант нарэшце наступіў. На сцэну падняліся канкурсанты, а таксама Наталля Бераснева і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Спірыдава. Наталля Уладзіміраўна аб’явіла пераможцаў конкурсу і ўручыла дыпломы. Тытул «Настаўнік года-2020» заваявала Таццяна Бельчыкава, «Выхавацель года-2020» — Святлана Ціханава. Дзіяна Горава стала лепшай з лепшых у намінацыі «Настаўнік пачатковых класаў». Ганаровай граматай аддзела па адукацыі ўзнагародзілі самую маладую ўдзельніцу — Марыю Захарэнка. Сёлетні конкурс для яе — гэта адкрыццё, пачатак творчага шляху да новых перамог.
Журы аказалася шчодрым на ўзнагароды. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы, а таксама падарункі, прадастаўленыя райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, і кветкі. Стужкі з надпісамі «Настаўнік года» і «Выхавацель года» павязаў пераможцам настаўнік ДзУА «Пальмінская СШ» Генадзь Макаранка, які заваяваў ганаровае званне «Настаўнік года» на папярэднім конкурсе прафесійнага майстэрства два гады таму. Пазітыўны настрой фіналістаў падтрымалі і юныя артысты СШ № 1, раённага ЦДзіМ, якія парадавалі ўсіх прыгожымі нумарамі.
Пераможаных не было. Конкурс пацвердзіў, што на ніве адукацыі раёна працуе шмат прафесіяналаў, якія нясуць пачэснае званне — Настаўнік.

Галіна ЯКАЎЛЕВА,
метадыст ДзУ «Гарадоцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет».
Фота Леаніда КУЗНЯЦОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *