Керамічныя вырабы Івана Каратаева

Выставка

Сёння кераміка з’яўляецца найстаражытнейшым відам мастацтва, але нягледзячы на ​​гэта яе вырабы мы сустракаем і ў паўсядзённым жыцці. Маладыя майстры таксама асвойваюць дадзеную тэхніку і займаюцца стварэннем розных вырабаў з гліны, што дапамагае раскрыць іх творчы патэнцыял.17 лістапада ў філіяле «Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору» ЦТКіНТ адбылося адкрыццё выставы скульптурнай керамікі «Лясныя гісторыі» майстра Івана Каратаева — удзельніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Вытокі».


Іван Каратаеў вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы па спецыяльнасці «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» і атрымаў кваліфікацыю мастак-настаўнік. Падчас вучобы яго зацікавіла кераміка. У 2013 г., калі ён прыйшоў працаваць у Дом рамёстваў і фальклору, вялікую ўвагу надаваў даследаванню і вывучэнню традыцый народных рамёстваў нашага краю.
Іван — рознабаковая творчая асоба. Ён з’яўляецца музыкантам, мастаком, майстрам набойкі па тканіне, роспісу па шкле, і таксама кіруе гуртком «Інсітнае мастацтва». Асабліва малады чалавек любіць працаваць з глінай.
За яго плячыма — удзел у шматлікіх выставах народнага мастацтва і конкурсах абласнога і раённага ўзроўняў. Так, у 2016 г. Іван дапамагаў у стварэнні калекцыі касцюмаў да конкурсу «Сцяжкі майстэрства». У 2017 г. ён атрымаў дыплом удзельніка свята-конкурсу майстроў разьбы па дрэве «Дрэва жыцця‑2017». У VІ раённым свяце-конкурсе «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса…» хлопец заняў 2-е месца. А ў мінулым годзе стаў лаўрэатам ІІ ступені абласной выставы традыцыйных галаўных убораў Віцебскага Падняпроўя, Падзвіння і Паазер’я ў намінацыі «За лепшую рэпліку дзявочага галаўнога ўбора».
На выставе прадстаўлена дзевяць скульптур лясных жывёл, якія выраблены з гліны. Гэта ўжо не першая калекцыя маладога майстра, некалькі гадоў таму ўжо была створана калекцыя драўляных скульптур.
— Вырабы з гліны ствараліся на працягу года, — кажа Іван Каратаеў. — Тут прадстаўлены вобразы ваўка, лісы, вавёркі, дзіка, мядзведзя, зубра. Таксама я стварыў ільва — сімвала нашага горада. Ёсць і паўторныя скульптуры, але ўсё роўна яны адрозніваюцца адна ад адной. Зараз я працую над стварэннем скульптур савы, янота і аляня.
Па словах майстра, гэта даволі доўгая і карпатлівая праца, якая займае шмат часу. Спачатку распрацоўваецца эскіз і робіцца злепак, а потым сушка, абпал у печы і размалёўка.
Творчыя работы Івана Каратаева адрозніваюцца яркай індывідуальнасцю, яны маюць свой непаўторны стыль, што, безумоўна, з’яўляецца сведчаннем вялізнага патэнцыялу маладого творцы. Выстава «Лясныя гісторыі» працягнецца да канца лістапада.

Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *