Важная размова пра адраджэнне фальклорных традыцый

Актуальное Событие Эхо события

Рэспубліканскі семінар-практыкум «Работа ўстаноў культуры клубнага тыпу па зберажэнні гісторыка-культурнай спадчыны» прайшоў 16 лютага ў Гарадку.
У гэты дзень у Гарадоцкім Доме культуры сабраліся спецыялісты ўстаноў культуры Віцебскай і Магілёўскай абласцей.


Для гасцей прайшла прэзентацыя народнай кухні. Традыцыйныя беларускія стравы прыгатавалі ўдзельнікі народных аматарскіх аб’яднанняў «Гаспадыня» і «Сладушка» Кабішчанскага і Пальмінскага СДК.
У фае разгарнулася выстава «З жывой крыніцы спадчыны народнай», на якой былі прадстаўлены традыцыйныя рамёствы Гарадоччыны, што зяўляюцца элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны і маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Майстар-класы па спіральным пляценні, саломапляценні і інсітнаму мастацтву правялі народныя майстры Рэспублікі Беларусь Васіль Сіманковіч і Вольга Рэут, а таксама малады майстар Іван Каратаеў.
Асабліва зацікавілі ўсіх удзельнікаў семінара прыгожыя ручнікі, выкананыя ў тэхніцы ажурнага ткацтва. Аб працэсе іх стварэння распавяла загадчык філіяла «Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору» Марына Гушча.
Цікавая выстава, прысвечаная святу «Гарадоцкі Парнас» была аформлена работнікамі Цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Падчас правядзення семінара-практыкума начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дзейнасці клубных устаноў ДУК змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» Р. Вайцяхоўская, галоўны спецыяліст аддзела работы арганізацый сферы культуры ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама З. Гукава, дырэктар ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» К. Лабука і яе намеснік Н. Уліновіч адзначылі плённую працу ЦТКіНТ Гарадоцкага раёна, Дома рамёстваў і фальклору.
Зоя Гукава звярнула ўвагу на тое, што сёння ў рэспубліцы існуюць праблемы адраджэння, захавання і развіцця элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей — НКС). Усяго ў дзяржаўным спісе НКС знаходзіцца 94 элемента, з якіх 17 адносяцца да Віцебскай вобласці, 5 — да Гарадоцкага раёна.
Аб рабоце Гарадоцкага ЦТКіНТ па развіцці фальклорных традыцый рэгіёна, захаванні нематэрыяльнай культуры распавяла загадчык метадычным аддзелам Таццяна Аўсянка.
— Неад’емнай часткай нашай духоўнай спадчыны з’яўляюцца народныя святы і абрады. Гэта тая аснова, якая ў час усеагульнай глабалізацыі дазваляе не згубіць нацыянальную ідэнтычнасць, — адзначыла яна ў сваім выступленні.


Таццяна Аляксандраўна расказала пра элемент НКС — масленічную абрадавую гульню «Пахаванне Дзеда», якая з’яўляецца адметным праяўленнем культурнай традыцыі вёсак Маскаляняты і Даўгаполле. Быў прадэманстраваны цікавы відэаролік, у якім паказвалася, як праводзіцца гэты абрад.
З дакладам аб асноўных праблемах у рабоце з элементамі нематэрыянай культурнай спадчыны і метадах іх вырашэння выступіла метадыст па фальклору ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Браслаўскага раёна» В. Букіс.
Аб характэрных для Гарадоччыны традыцыйных народных рамёствах і праведзенай рабоце па іх аднаўленні падрабязна распавяла Марына Гушча. Яна акцэнтавала, што асаблівая ўвага работнікамі Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору надаецца фальклорным экспедыцыям, мэтай якіх з’яўляецца, перш за ўсё, азнаямленне з жывымі традыцыямі, фарміраваннем асаблівай цікавасці да народнай культуры раёна. На аснове гэтага ствараюцца багатыя калекцыі традыцыйных вырабаў.
Яркім завяршэннем семінара стала выступленне народнага фальклорнага ансамбля «Азерыца» Езярышчанскага Дома культуры і танцавальных пар — выканаўцаў традыцыйных народных танцаў.
Госці прайшлі па творчым майстэрням Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, пазнаёміліся з народнымі ўмельцамі, падзяліліся вопытам. У раённым краязнаўчым музеі іх чакаў невялікі падарунак — фальклорная замалёўка «Грамніцы — зімы палавіца», падрыхтаваная народным фальклорным гуртам «Глейна» ЦТКіНТ. Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства наведалі рэзідэнцыю Снягуркі ва ўрочышчы Вараб’ёвы горы.

Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *