Бібліятэка на колах

Регион. Точка на карте

Сёння жыхарам аддаленых і маланаселеных вёсак прадастаўляецца ўнікальная магчымасць скарыстацца паслугамі бібліёбуса Гарадоцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Не так даўно карэспандэнт «раёнкі» разам з кіроўцам Віктарам Зуевым і бібліятэкарам Алесяй Паповай здзейснілі рэйд па маршруце Каменка — Хартова — Сяльцо — Новы Болецк — Раманава.


Ужо 14 гадоў пры бібліятэцы існуе бібліёбус, які працуе па 11 маршрутах. У яго зону абслугоўвання ўваходзяць 58 населеных пунктаў, а таксама аддаленыя часткі горада. Сёння ўсяго налічваецца больш за 600 чытачоў. Сярод іх не толькі дарослыя, але і дзеці.
Пра сваю працу Алеся Аляксееўна распавядае з асаблівым натхненнем і захапленнем: «Я марыла працаваць у бібліятэцы. Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж. Мая мара здзейснілася, чаму я вельмі рада. На працягу вось ужо чатырох гадоў я працую ў бібліятэцы на колах. Гэта вельмі цікава, бо не сяджу ў кабінеце, а пастаянна знаходжуся ў руху, кантактую з цікавымі людзьмі».
Бібліёбус выязджае раз у месяц на кожны маршрут. Працоўны дзень бібліятэкара пачынаецца з таго, што яна тэлефануе чытачам з вёсак і папярэджвае пра прыезд. Ведаючы перавагі кожнага, яна загадзя падрыхтоўвае літаратуру. «Мы працуем па праграме «Кнігу — у кожную вёску», таму і даехаць да кожнага чытача незалежна ад надвор’я — наша галоўная мэта, — кажа жанчына. — Фонд перасовачнай бібліятэкі пастаянна абнаўляецца, таму пералік кніг і перыядычных выданняў даволі разнастайны. У нас ёсць сшытак папярэдніх замоў, дзе вяскоўцы могуць запісаць свае пажаданні аб тым, якую кнігу хацелі б прачытаць у наступны раз. Варта адзначыць, што колькасць нашых прыхільнікаў павялічваецца. Асабліва гэта бачна ў летні час, калі прыязджаюць дачнікі і дзеці».
Сёння попытам у чытачоў карыстаецца сучасная літаратура: дэтэктывы, любоўныя і гістарычныя раманы, ваенная проза, фантастыка, а таксама часопісы: «Цветок», «Хозяин», «Планета» і шмат інш.
Пастаянныя чытачкі з в. Каменка Л. Мацвеева і Н. Навумчык з пачатку існавання бібліятэкі на колах карыстаюцца яе паслугамі. Яны распавядалі пра тое, што для людзей у сталым узросце гэта добрая магчымасць узяць кнігі на месцы, каб лішні раз не выязджаць у горад. Мясцовая жыхарка в. Сяльцо А. Кандрацьева бярэ вялікую колькасць кніг для ўсіх членаў сям’і. У мінулым годзе сярод жыхароў вёскі яна была прызнана адной з тых, хто чытае больш за ўсіх. Дарэчы, чытачы з іншых населеных пунктаў таксама станоўча адгукаюцца пра дзейнасць бібліятэкара, кажуць, што для іх яна не проста работнік, але і свайго роду псіхолаг, які заўсёды выслухае і дапаможа.
Для бібліятэкара радасна бачыць, як вяскоўцы са шчырай усмешкай сустракаюць бібліёбус. Гэта сведчыць аб тым, што яшчэ шмат гадоў «бібліятэка на колах» будзе радаваць сваіх чытачоў!

Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.