Новае выданне — для будучых перамог

Знай наших!

На абласной выставе навукова-метадычных матэрыялаў і падагагічнага вопыту «Рэгіянальныя ініцыятывы — для развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі» трэцяе месца занялі педагогі дадатковай адукацыі Гарадоцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Анатоль Войлакаў і Віктар Цецераў.
Інтэлектуальные гульні — гэта добры спосаб праверыць свае веды, хуткасць мыслення і здольнасць знаходзіць нестандартныя рашэнні ў звычайных сітуацыях. Удзел у такіх гульнях — не толькі важны вопыт, але і крыніца новых уражанняў.
— Дзякуючы маштабнаму раённаму чэмпіянату мы вырашылі стварыць зборнік інтэлектуальных гульняў. Ён разлічаны на педагогаў дадатковай і сярэдняй адукацыі, якія імкнуцца зрабіць заняткі цікавымі і запамінальнымі. У яго змест уключаны розныя заданні, пытанні, правілы, а таксама парады пра тое, як рыхтавацца да турніру. Навучэнцы, у сваю чаргу, могуць карыстацца нашым зборнікам. Для іх распрацаваны вялікі дыдактычны блок, дзе можна патрэніравацца, праверыць свае веды пра родны край, а таксама пададзены рэкамендацыі па падрыхтоўцы ўдзельнікаў да спаборніцтваў. У дадатку зборніка ёсць падрабязны спіс літаратуры, якая дазволіць атрымаць новыя веды і многае іншае, — расказаў Анатоль Мікалаевіч.
Правядзенне інтэлектуальных гульняў у нашым раёне спрыяе развіццю моладзі і больш дэтальнаму вывучэнню Гарадоччыны, яе флоры і фаўны, гісторыка-культурнай спадчыны.
Скарыстацца зборнікам, які будзе размешчаны на сайце Гарадоцкага цэнтра дзяцей і моладзі, у хуткім часе зможа кожны жадаючы.
Сёння чэмпіянаты па інтэлектуальных гульнях праводзяцца ў Віцебскай вобласці на высокім узроўні. Вялікая колькасць удзельнікаў розных узроставых катэгорый прыязджаюць з усіх куткоў рэгіёну, каб пазмагацца за званне лепшых. Варта адзначыць, што прымаючы ўдзел у завочным міжнародным сінхронным турніры па інтэлектуальных гульнях «Лига разума» ў Гомелі, каманда Гарадоцкага раёна ў складзе навучэнцаў ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Гарадка» заняла 1 месца сярод 30 каманд у гульні «Што? Дзе? Калі?».
Такія гульні не толькі дапамагаюць заняць карыснай справай вольны час, але і развіць разумовыя здольнасці, пашырыць слоўнікавы запас, палепшыць памяць, увагу і эрудыцыю.
Марыя ЗАЛАТАРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.