26 сакавiка 1919 года ў Гарадку выйшаў другi нумар «Известий Городокского исполнительного комитета Совета рабочих и крестьянских депутатов». На жаль, у архiвах не захаваўся яе першы нумар. Выданне друкавала не толькi распараджэннi i загады ўлады, але i знаходзiла месца для асвятлення жыцця раёна, паведамленняў з глыбiнкi.
Не раз мянялiся назвы газеты: спачатку яна была найменавана «За сацыялiстычную вёску» (1930 год), «Калгасная праўда» (1931 год), «Бальшавiцкая праўда» (1938 год), пасля Вялiкай Айчыннай вайны стала называцца «Сталiнскi прызыў» (1956 год), «За высокi ўраджай» (1957 год), «Прамень камунiзма» (1957 год) i, нарэшце, са студзеня 1991 года — «Гарадоцкi веснiк». Але сутнасць i накiраванасць раёнкi заставалiся ранейшымi — прыярытэт аддаваўся падзеям мясцовага жыцця, увазе да працаўнiкоў палёў i фермаў, праўдзiваму адлюстраванню сацыяльна-эканамiчных праблем.
Большасць часу газета выходзiла на беларускай мове. I толькi пад уплывам падзей 1990-х гадоў стала друкавацца на дзвюх мовах — беларускай i рускай. Усяго выйшла ў свет амаль 9700 нумароў газеты.
У розныя часы газету рэдагавалi Т. Мядзведзеў, I. Усцiн, Д. Зарэцкi, М. Гуйдо, I. Дзянiсаў, В. Крываношчанка, Л. Рэут, М. Краўцоў, А. Захараў, Г. Навумава.
Сёння «Гарадоцкі веснік» узначальвае галоўны рэдактар С. Якаўлева.
«Гарадоцкі веснік» — грамадска-палітычнае выданне. Галоўныя задачы - праўдзівае і поўнае асвятленне падзей, якія адбываюцца ў рэгіёне, адлюстраванне сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, грамадскага жыцця, работы мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама своечасовае рэагаванне на актуальныя, хвалюючыя насельніцтва пытанні і тэмы.
Газета выходзіць два разы на тыдзень (аўторак і пятніца) у каляровым варыянце.
Адрас: 211573, г. Гарадок, вул. Ленінская, 9
Тэлефон: +375 2139 41339.
Сайт: http://www.garadvest.by/