Як нараджалася друкаванае слова

Актуальное Даты

Прагрэс непамерна хутка крочыць па свеце, паступова змяняючы рэаліі нашага звыклага жыцця. Аднак, толькі зазірнуўшы ў гісторыю, мы можам па-сапраўднаму ацаніць тое, што маем цяпер. Гэта датычыцца і друкарскай справы. Зараз мы паспрабуем адкруціць час назад і зазірнуць у друкарню, дзе нараджалася знаёмая нам сёння раённая газета. А дапаможа нам гэта зрабіць чалавек, які больш за сорак гадоў быў пасрэднікам паміж друкаваным словам і чытачом, былы аператар ручнога набору і вёрсткі Галіна Пятроўна Прасвяшчэннікава.

Галіна Пятроўна нарадзілася ў в. Казловічы сённяшняга Стадалішчанскага сельсавета. Скончыўшы мясцовую школу, паступіла ў Віцебскае медыцынскае вучылішча і асвоіла спецыяльнасць медыцынскай сястры. Па размеркаванні яна трапіла ў Багушэўскую бальніцу. Аднак, адпрацаваўшы два гады, Галіна выйшла замуж і хутка пераехала на радзіму мужа, у Лёзна.
— Мы нядрэнна там жылі: да сыходу ў дэкрэтны водпуск я працавала ў мясцовай лякарні, а потым займалася выхаваннем маленькага сына Дзмітрыя, — узгадвае суразмоўца. — Аднак увесь час мяне цягнула да родных мясцін. Таму ў 76-м мы ўсё ж пераехалі на Гарадоччыну.
У Гарадку Галіна Пятроўна ўладкавалася медсястрой пры дзіцячым садку Гарадоцкай птушкафабрыкі, пасля працавала на яйкаскладзе, затым зноў у дзіцячым садку. З часам у Прасвяшчэннікавых нарадзілася дачка Алёна. Калі дзяўчынцы было ўсяго 8 месяцаў, яе маці вымушана была выйсці на працу.
— Нялёгка было з такой малюткай усё паспяваць. Аднак для мяне пераломным момантам стала знаёмства з Валянцінай Івановай, якая на той час ужо працавала ў друкарні. Мы неяк размаўлялі, і яна прапанавала мне перайсці да іх. Напачатку я вагалася, але ўсё ж вырашыла паспрабаваць, — кажа суразмоўца.
Новае месца працы кардынальна адрознівалася ад папярэдняга, аднак гераіня нашага матэрыялу з імпэтам засвойвала асновы невядомай ёй дагэтуль прафесіі. Напачатку яна займалася ручным наборам. Так, сёння мы насілу можам сабе гэта ўявіць, але раней друкарская справа патрабавала карпатлівай працы, уседлівасці, уважлівасці, бо шмат працы даводзілася рабіць менавіта ўручную. Дарэчы, размяшчэнне літар Галіна Пятроўна нават зараз называе беспамылкова. Звычка, выпрацаваная часам. Аднак на змену ручному набору хутка прыйшоў лінатып — від паліграфічнага абсталявання, наборная радкаадліўная машына.
— Натуральна, гэта таксама далёка ад сучаснага друку, але нам стала нашмат лягчэй, бо ўручную набіралі толькі загалоўкі. А радок будаваўся з асобных металічных рэльефных літарных матрыц і прабельных кліноў, — тлумачыць суразмоўца. — Такім чынам, напачатку я займалася вёрсткай, метранпажам, а пасля рабіла водціск і адносіла палосы на вычытку ў рэдакцыю. А завяршальны этап працы — непасрэдна друк, гэтым займаўся асобны чалавек. Гэты працэс быў даволі доўгі, бо тыраж газеты раней складаў амаль 6 тыс. экзэмпляраў. А раніцай наступнага дня я разбірала старыя шрыфты і разносіла іх па касам для шрыфтоў.
Вось такі няпросты, але вельмі цікавы шлях раней праходзіла газета перад тым, як трапіць у рукі да чытача. Галіна Пятроўна ўзгадвае, як аднойчы друкар перад працай не трывала замацаваў палосы на друкавальнай машыне, таму ўсё рассыпалася. Супрацоўнікі друкарні амаль усю ноч аднаўлялі сапсаванае. Аднак газета выйшла своечасова, як і заўжды. Дарэчы, акрамя выпуску «раёнкі» друкарня выконвала яшчэ шмат іншых заказаў, напрыклад, на друк паштовак ці этыкетак маленькім шрыфтам (пецітам ці боргесам). Для гэтага выкарыстоўвалі спецыяльную тыгельную машыну.
— За час маёй працы адбылося многа змен, бо прагрэс паступова ўдасканальвае ўсе тэхнічныя працэсы, пазбаўляючы чалавека ад цяжкіх нагрузак, — кажа Галіна Прасвяшчэннікава. — Прыкладна ў 2004-м нас паставілі перад фактам, што прыйшоў час перайсці на камп’ютарную вёрстку. Напачатку мы вельмі расхваляваліся і нават спалохаліся, бо з такой тэхнікай былі на «вы». Аднак літаральна за месяц асабіста я ўсяму навучылася. Памятаю, аднойчы, мне прапанавалі зрабіць заказ на паперу А3. Думала, што не змагу, аднак усё атрымалася нават без дапамогі. Так я і стала аператарам электроннага набору і вёрсткі, замест наборшчыка ручнога набору.
Падчас сваёй працы Галіна Пятроўна была заўжды адкрытая для атрымання новых ведаў, і сама была гатова падзяліцца сваім вопытам і майстэрствам. Дарэчы, у 2003 г. ёй было прысвоена званне «Ганаровы ветэран друкарні». Раней, калі газета друкавалася ў Гарадку, дзверы паміж друкарняй і рэдакцыяй былі штодзённа адчыненыя, бо ўсе рабілі агульную справу.
— Я пачала працаваць ў друкарні, калі галоўным рэдактарам газеты быў Леанід Рэут. Гэта вопытны кіраўнік, таму працаваць з ім было даволі лёгка і прыемна. Таксама мне давялося супрацоўнічаць з Мікалаем Краўцовым. Ён прыйшоў у рэдакцыю з райкама, аднак вельмі хутка ўнік у тэму, і больш за 30 гадоў адпрацаваў там, у тым ліку і на пасадзе галоўнага рэдактара, — узгадвае жанчына.
Жыццё можа скласціся па-рознаму і нельга прадказаць, чым табе наканавана займацца. Аднак, як бы лёс не павярнуўся, важна быць упэўненым у кожным сваім рашэнні.
— Я не пашкадавала, што некалі так рэзка змяніла род дзейнасці. Праца ў друкарні мяне захлынула з галавой. Зразумела, што без зацікаўленасці я б не змагла адпрацаваць у гэтай сферы 41 год. Побач са мной былі калегі, да якіх заўсёды можна звярнуцца па дапамогу: брыгадзір Людміла Мацвеева, друкар Валянціна Іванова, — кажа Галіна Пятроўна. — Кожны дзень мне было прыемна хадзіць на працу і выконваць свае абавязкі. Ды і працоўны калектыў у нас быў вельмі добры, як вялікая і дружная сям’я.

Юлія РУДЗЯКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.