Першы Спас мёду смачнага прыпас!

Это интересно

14 жніўня са святкавання Першага Спаса пачынаецца двухтыднёвы Успенскі пост, які часта называюць Мядовым, Макавеем, Спасаўкамі, Спасам на вадзе.
У гэты дзень у праваслаўнай царкве асабліва шануюцца тры святыні: Жыватворчы Крыж, абраз Збавіцеля і ікона Уладзімірскай Божай Маці.

Здавалася б, у адказны перыяд сельскагаспадарчай працы пост выпадае не зусім да пары. Чалавеку неабходна тлустая і бялковая ежа, каб сілы хапіла на збор ураджаю. Але цікава, што пераход на іншую прадукцыю — мясцовую садавіну і гародніну — быў карысным для перабудовы арганізма. Паводле закона прыроды і фізічнага свету чалавека, з ужываннем іншых страў адбывалася ачышчэнне думак праз малітву.
У першы дзень посту вернікі ладзілі хрэсны ход да крыніцы, ракі ці возера, праводзілася купанне коней у асвячоных месцах, пастухі заганялі ўвесь статак «у святую ваду». Лічылася, што яна будзе ахоўваць жывёл і іх гаспадара ад розных хвароб. Каб калодзеж быў заўсёды «чыстым», у яго абавязкова лілі асвечаную ваду. За шэраг рытуальных дзеянняў невыпадкова гэты Спас называюць мокрым.
Шмат увагі надавалася і справе пчаляроў. Пасля асвячэння мёду новага збору, яго дазвалялася ўжываць. Кожны бортнік ведаў, што, калі не асвяціць крыху цягучага слодыча, то суседскія пчолы «выцягнуць» увесь мёд. Славяне верылі ў лячэбныя магчымасці гэтай стравы, параўноўваючы яго з Божым дарам. Па легендзе рускага асілка Іллю Мурамца ад паралічу паставіў на ногі менавіта мядовы напой. Сталых і бедных людзей гаспадыні з радасцю частавалі прысмакамі і выпечкай, ведаючы пра сямейны дабрабыт і ўдачу за гэтую дабрату. «На Першы Спас і бедны мядку паесць».
Акрамя вады і мёду ў храмах асвячалі мак. Нашы продкі стараліся дадаць яго ў караваі, бліны, варэнікі і іншыя неверагодна смачныя стравы і лічылі: «На Макавея трэба маку ўволю наесціся». Прынесеным з храма макам пасыпалі ўсё навокал: хату, падворак і хлявы. Як нельга сабраць і пералічыць усе яго зярняткі, так і немагчыма разбурыць магічную ахоўную сілу.
Жанчыны з прыгатаванымі кошыкамі з ежай для асвячэння ў царкве абавязкова спавядаліся. Лічыцца, што ў гэты дзень слабаму полу адпускаюцца ўсе грахі.
Святкаванне Спаса павінна быць стрыманым, без шумнай весялосці — усё па правілах строгага посту. Гэта час стаць бліжэй да Бога праз малітвы, каб душа хутчэй ачысцілася ад грахоў.
Па характары надвор’я Спасава Дня меркавалі аб кліматычных умовах будучага года: дзень дажджлівы — год будзе халодны, гарачы — будзе цёпла. Калі 14 жніўня ішоў дождж — гэта абяцала адсутнасць лясных пажараў.

Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *