Шчыры гаспадар Тарас са святам віншаваў нас!

Актуальное Эхо события

Прапануем вам, дарагія чытачы, яшчэ раз перанесціся ў святочную атмасферу фестывалю «Тарас на Парнасе» і ўзгадаць найбольш яркія моманты свята разам з намі!

— Шаноўныя госці і ўдзельнікі свята, сардэчна віншую вас з нагодай правядзення чарговага фестывалю «Гарадоцкі Парнас». Гэта свята з’яўляецца маштабным брэндавым мерапрыемствам нашага раёна і праводзіцца ў гонар вядомага земляка Канстанціна Вераніцына, аўтара самага папулярнага ў ХІХ ст. беларускага твора «Тарас на Парнасе». Сёлета споўнілася 125 год з той пары, калі паэма выйшла асобным выданнем у Віцебску тыражом у тысячу экзэмпляраў. І сёння, як і заўсёды падчас святкавання, мы пачуем радкі з гэтага цудоўнага твора. Гарадоцкая зямля была і застаецца краем самабытнай народнай культуры, невычарпальнай крыніцай народнага мастацтва. За шматвяковую гісторыю нашы землякі вырабілі багацейшыя вусна-паэтычныя скарбы, выпрацавалі цікавыя культурныя традыцыі, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства старшыня райвыканкама Пётр Карабач.


Галоўны гонар нашага рэгіёна — таленавітыя людзі. Таму натуральна, што першай урачыстасцю стала ўручэнне прэміі «Зямляк года». У намінацыі «Ураджэнцам г. Гарадка і Гарадоцкага раёна за поспехі ў розных відах прафесійнай дзейнасці і ўклад у развіццё малой радзімы» Пётр Пятровіч уручыў узнагароду Івану Паўлавічу Хіцько, які нарадзіўся ў 1939 г. ў в. Дуброва Гарадоцкага раёна. Іван Паўлавіч — член Саюза дызайнераў Беларусі. У ліку яго распрацовак праекты добраўпарадкавання дзіцячай абласной бальніцы драўлянымі скульптурамі і малымі архітэктурнымі формамі і мастацка-канструктарскага рашэння інтэр’ераў больш чым дзесяці клубаў і Дамоў культуры вобласці, а таксама фасадаў дзіцячых садкоў у вёсках раёна. За перамогу ў намінацыі «Ураджэнцам іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа за значны ўклад у развіццё Гарадоцкага раёна» ўзнагародзілі нашу зямлячку, таленавітую пісьменніцу, паэтэсу, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Саюзнай дзяржавы Наталлю Віктараўну Саветную, якая нарадзілася ў п. Янтарны Калінінградскай вобласці. З 60-х гадоў яна жыве ў Гарадку і праз свае творы ўшаноўвае наш любы край.
Адным з самых доўгачаканых і, безумоўна, смачных стаў другі раённы конкурс на лепшую юшку з рыбы «Юшка для Тараса», у якім удзел прынялі каманды прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада і раёна. Журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Марыны Здольнікавай, старшыні райаб’яднання прафсаюзаў Ларысы Пальчыкавай, старшыні райарганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Груганавай, старшыні райарганізацыі «Белая Русь» Таццяны Пушковай і першага сакратара райкаму грамадскага аб’яднання «БРСМ» Антаніны Харчанка ацэньвалі фантазію каманд у плане ўладкавання месца прыгатавання юшкі, яе прэзентацыю на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю і, безумоўна, непасрэдна смак стравы. Усе каманды падышлі да справы максімальна сур’ёзна і шчыра завіхаліся над гарачымі катламі, дадаючы сакрэтныя інгрэдыенты. Водар стаяў такі, што нельга словамі перадаць!
Вынікі спаборніцтва размеркаваліся наступным чынам. За ўдзел у конкурсе «Юшка-фэст» Марына Анатольеўна ўзнагародзіла дыпломамі каманды Гарадоцкага раёна газазабеспячэння, ДУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка», РКП «ЦУАСП», Гарадоцкага райвыканкама, Гарадоцкага ДРБК № 106, Гарадоцкага раёна электрасетак. У намінацыі «Самы хуткі юшкавар» перамогу атрымала КУВП «Гарадоцкае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак». Лепш за ўсіх аформілі хаціну рыбака супрацоўнікі Гарадоцкага лясгаса. У намінацыі «Рыбнае багацце» лепшай стала каманда ДУ «ТЦСАН», «Даеш, моладзь!» — Гарадоцкі РАНС, «Лепшая прэзентацыя юшкі» — ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», «Самы арыгінальны рэцэпт прыгатавання юшкі» — Гарадоцкая райветстанцыя. Самым крэатыўным кіраўніком была прызнана дырэктар Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Гарадоцкага раёна Ірына Казакова. І вось нарэшце Пётр Пятровіч раскрыў галоўную інтрыгу! Уладальнікам Гран-пры стала каманда Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту.
Фестываль прысвечаны Тарасу, які паводле паэмы быў палясоўшчыкам. Менавіта таму па матывах твора і праводзілі спаборніцтва «Уладар лесу», па выніках якога выявілі самага дужага і моцнага. Напрацягу пяці этапаў удзельнікі дэманстравалі свае здольнасці: майстравалі хатку для птушак за 4 хвіліны, вязалі банны венік за 3 хвіліны, стралялі па бутэльках з мішэнямі і нават на хуткасць распілоўвалі дровы.
Вынікі спаборніцтва падводзіла кампетэнтнае журы: загадчык сектара спорта і турызму (старшыня камісіі) Таццяна Кандрацьева, дырэктар ДЮСШ Сяргей Куракоў, галоўны спецыяліст сектара спорта і турызму Алла Грыгор’ева. Падсумаваўшы балы, яны вынеслі вердыкт. За актыўны ўдзел у спаборніцтве адзначаны прадстаўнікі Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту, Гарадоцкага РАНС, Гарадоцкага РГЗ, Гарадоцкага прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак, Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Гарадоцкага раёна, Гарадоцкага РЭС. На трэцяй ступені п’едэстала размясцілася каманда ДУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка», другое месца занялі прадстаўнікі Гарадоцкага лясгаса. Пераможцам стаў калектыў РКП «ЦУАСП». Адзначым таксама, што за добрае і шчырае судзейства дыпломам узнагародзілі журы конкурса «Уладар лесу».
Асобна хацелася б вылучыць і выказаць словы ўдзячнасці творчым калектывам нашага рэгіёна, якія напрацягу ўсяго дня не давалі сумаваць гасцям свята. Добры настрой і ўзнёсласць прысутным дарылі ўдзельнікі дзіцячага ўзорнага тэатра «Форум» і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусьнародны ансамбль песні і танца «Яблынька», ансамбль «Отрада», народны фальклорны ансамбль «Азерыца», народны фальклорны калектыў «Спадарыня» Бычыхінскага СДК, ансамбль народнай песні «Дубравіца» Дуброўскага СДК, гурты «Свае хлопцы» і «Тарасікі», дзіцячы фальклорны ансамбль «Вязынка» Езярышчанскага філіяла Гарадоцкай ДШМ, навучэнцы дзіцячай харэаграфічнай студыі ДШМ, народны ансамбль гарманістаў, народны фальклорны калектыў «Глейна», вакальна-інструментальны ансамбль «Лель» і інш.

    Напярэдадні святочнага дня аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама сумесна з Гарадоцкім культурна-асветніцкім цэнтрам і сеткай публічных бібліятэк абвясцілі конкурс «Брэнд Гарадоччыны». Яго мэта — выбраць тое, што вызначае індывідуальнасць раёна. У конкурсе прынялі ўдзел 6 арганізацый. Усе работы былі прадстаўлены падчас свята, а пераможцаў: ДУА «Яслі-сад № 1 г. Гарадка», ДУ «Раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Гарадок», і прызёраў: ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Гарадоцкага раёна», адзел па адукацыі райвыканкама, ДУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка» і ДУА «Яслі-сад № 3 г. Гарадка», кіраўніцтва раёна падчас канцэрта ўзнагародзіла дыпломамі.
У межах фестывалю «Гарадоцкі Парнас» філіял «Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору» ў чарговы раз праводзіў адкрыты раённы конкурс народнай творчасці «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?». 16 майстроў, у тым ліку з іншых раёнаў вобласці, прадставілі свае вырабы ў розных тэхніках. Журы высока ацаніла талент і стараннасць народных творцаў. У намінацыі «Вобраз Тараса» першае месца было прысуджана А. Жандарэнка (г. Гарадок) і К. Забабурынай (г. Віцебск). Варта адзначыць, што для ўручэння ўзнагароды «Зямляк года» статуэткі «Зорны Тарас» зрабіў А. Жандарэнка. Полацкія госці Ю. Ардынава, а таксама К. Кавалеўская, якая вызначылася сваімі пано ў японскай тэхніцы кінусайга, атрымалі першыя месцы ў намінацыі «Мой родны кут». У «Сюжэтнай замалёўцы» лепшым быў прызнаны гарадоцкі майстар І. Каратаеў.
У гэты цёплы сонечны дзень на бас-востраве можна было ўбачыць шмат тэматычных выстаў, гульнявых пляцовак, інтэрактыўных зон, якія прывабілі ўвагу гасцей фестывалю.
На выставе «Жар-птушка беларускай паэзіі» работнікі Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея прадставілі выданні «Тарас на Парнасе» розных гадоў, матэрыялы літаратурна-краязнаўчых чытанняў па вывучэнні легендарнай паэмы, фотаздымкі са святаў народнай творчасці і малюнкі дзяцей. Кожны мог набыць брашуры і буклеты на беларускай і рускай мовах па дадзенай тэме і падрабязней даведацца пра нашу малую радзіму.
На інфармацыйнай пляцоўцы «Здаровым быць — шчасліва і доўга жыць!» актыўную працу вялі спецыялісты ДУ «Гарадоцкі раённы цэнтр гігіены і эрідэміялогіі». Яны раздавалі памяткі па вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі, а таксама праводзілі анкетаванне.
У жывапісным месцы на беразе возера размясціліся юныя мастакі ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. Гарадка», якія займаліся напісаннем карцін і стараліся адлюстраваць на палотнах усё багацце гарадоцкіх краявідаў. На выставе «Малюем разам» можна было дэталёва разглядзець выдатныя малюнкі выхаванцаў школы, створаныя на працягу навучальнага года.
Шмат прыхільнікаў вершаванага слова сабралася на паэтычным мерапрыемстве ў фармаце адкрытага мікрафона «У кожным радку натхненне». Побач з прафесійнымі пісьменнікамі выступалі паэты-аматары. На пляцоўцы дзейнічала кніжна-ілюстрацыйная выстава «Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса?», дзе госці знаёміліся як з самой паэмай, так і з гісторыяй святкавання «Тараса на Парнасе».
Кожны жадаючы мог прыняць удзел і ў спартыўных мерапрыемствах. Каманды прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Гарадоцкага раёна паспяхова справіліся з паласой перашкод «Тарасавы забегi», якая складалася з некалькіх этапаў. Сярод калектываў месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е заняў Гарадоцкі РАНС, 2-е — райвыканкам, 3-е гарадоцкая ЦРБ. Была лепшай сярод устаноў адукацыі Пальмінская сярэдняя школа. Другое месца падзялілі паміж сабой ДВСУ «Гарадоцкая ДЮСШ» і ДУА «СШ № 2 г. Гарадка».
Як вы ведаеце, на Гарадоччыне развіты аграэкатурызм. Таму для тых, хто плануе пачаць сваю справу ў гэтай галіне, спецыялісты сектара спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама правялі кансультацыю і падрабязна распавялі пра прыгожыя месцы нашага раёна, дзе можна з задавальненнем правесці вольны час.
У аматараў палявання і рыбнай лоўлі асаблівую цікавасць выклікала выстава «Тарасаў трафей». У экспазіцыі былі прадстаўлены паляўнічыя трафеі і архіўныя фотаздымкі, звязаныя з дзейнасцю «Гарадоцкай РАС» «РДГА «БТПС».
Недалёка ад галоўнай сцэны размясціліся падворкі Бычыхінскага, Пальмінскага і Першамайскага сельсаветаў. Гаспадары імкнуліся здзівіць гасцей не толькі афармленнем і сваёй гасціннасцю, але і багаццем страў беларускай кухні. Так, народны фальклорны калектыў «Спадарыня» філіяла «Бычыхінскі СДК» прадставіў свежае печыва. Народныя аматарскія аб’яднанні «Сладушка» Пальмінскага СДК і «Гаспадыня» Кабішчанскага СДК падрыхтавалі смачныя стравы з мяса і бульбы. Верамееўскі і Вархоўскі сельскія Дамы культуры зрабілі акцэнт на стравах з рыбы, бо невыпадкова іх падворак называўся «Рыбацкае шчасце».
Аднымі з цікавых месцаў фестывалю сталі інтэрактыўныя пляцоўкі цэнтральнай раённай бібліятэкі «Тарасава сядзіба» і аддзела па адукацыі Гарадоцкага райвыканкама сумесна з ЦДіМ «Беларуская хатка». Тут можна было пачаставацца духмянай гарбатай з варэннем, смачнымі пірагамі і блінамі, набыць сувенірную прадукцыю і зрабіць памятнае фота ў тэматычных фотазонах.
На вялікай пляцоўцы размясціліся народныя майстры філіяла Гарадоцкага дома рамёстваў і фальклору. Яны з асаблівым задавальненнем паказалі майстар-класы па традыцыйных рамёствах гасцям свята з Новай Зеландыі, якія таксама зацікавіліся выставамі лепшых работ конкурса мінулых гадоў «Тарас на паказ», прыгожымі букетамі «Кветкі багіні» народнага аматарскага аб’яднання «Зялёная альтанка».
Падчас свята для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю працаваў выязны гандаль. Былі шырока прадстаўлены вырабы не толькі народных майстроў Гарадоччыны, але і тых, хто прыехаў з іншых раёнаў. Мясныя вырабы ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» карысталіся вялікім попытам ў насельніцтва. Гэта і не толькі можна было ўбачыць на маштабным свяце «Тарас на Парнасе».

Юлія РУДЗЯКОВА, Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.