Выступленне Прэзідэнта Беларусі на свяце «Купалле. Александрыя збірае сяброў»

Эхо события

Шаноўныя сябры, сардэчна запрашаю вас на цудоўную александрыйскую зямлю.
Вельмі рады таму, што з году ў год у гэтыя сакральныя для нашага народа вечары я вітаю тут усё больш і больш нашых гасцей.
Па-першае, сапраўдных беларусаў — разумных, добрых, сумленных, якія разам, як у нас кажуць, талакой, могуць і працаваць, і святкаваць.
Па-другое, шчырых сяброў, што цікавяцца нашай найбагацейшай народнай культурай.
Але, каб яе зразумець, гэту культуру, трэба разам з намі дакрануцца да старажытных беларускіх традыцый, убачыць прыгажосць купальскай ночы, надыхацца водарам квітнеючых летніх палёў. Адчуць, як недзе ў глыбіні душы чароўнай папараць-кветкай прарастаюць любоў і асаблівая павага да беларускай зямлі і беларускага народа.
Кожны, хто хоць раз пабываў у нашай краіне, пазнаёміўся з людзьмі, дакладна ведае: мы, беларусы, мудрыя, годныя і вольныя людзі. Мы шануем сваіх продкаў, добра ведаем сваіх герояў. З адкрытай душой сустракаем тых, хто прыйшоў з мірам. Заўсёды гатовы падзяліцца кавалкам хлеба і даць прытулак тым, хто страціў сёння ўсё.
Мы ганарымся сваёй гісторыяй і сваёй зямлёй. І ні пры якіх абставінах не адмовімся ад гэтай зямлі. Але мы ніколі не дазволім дыктаваць нам, як жыць і што рабіць.
Я добра ведаю, сапраўдны беларус – той, хто мае тут дом і заўжды будзе яго абараняць. Калі спатрэбіцца, то і са зброяй у руках. Таму што гэты дом у нас — адзіны.
Мы адказныя за яго. І перад тымі, хто быў на гэтай зямлі да нас, і перад тымі, хто прыйдзе пасля нас. Нездарма казалі нашы продкі: «Свая хатка — родная матка, а чужая — мачаха».

Па матэрыялах БелТА падрыхтавала Вольга РЭМНЕВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.