Без прылады няма ў працы ладу

Это интересно

Сучасная сельская гаспадарка даўно лічыцца механізаванай часткай эканомікі. Выкарыстанне трактароў, камбайнаў і спецабсталявання дазваляе павысіць вытворчасць і палепшыць працу. Але ж варта ўспомніць і пра даўнейшыя прылады. Мы накіраваліся ў Гарадоцкі краязнаўчы музей, каб пазнаёміцца з экспанатамі, якія калісьці «кармілі» наш старанны народ.


Любоў Паўловіч, галоўны захавальнік фондаў музея, расказала пра сялянскія рарытэты: «У музеі вялікая ўвага надаецца сельскай гаспадарцы Гарадоцкага раёна. У нас захоўваюцца разнастайныя прылады працы, якія не так даўно выкарыстоўваліся мясцовымі жыхарамі для апрацоўкі зямлі. Гэтыя прадметы, адслужыўшы свой тэрмін, і былі перададзены ў фонды музея гарадакчанамі ў розны час. Два сярпы, якія ў 1977 г. прынесла Вольга Рэут (на той час яна была вучаніцай СШ № 1), сталі першымі экспанатамі калекцыі. Зусім нядаўна яна папоўнілася ручной веялкай, перададзенай Валянцінай Шэндзелевай з в. Даўгаполле».
Любоў Міхайлаўна пазнаёміла нас з экспанатамі, прадстаўленымі ў зале этнаграфіі і народных рамёстваў Гарадоччыны і фондаў музея.
З глыбокай старажытнасці ў нашых продкаў асноўнай прыладай апрацоўкі глебы з’яўлялася драўляная саха. Яе металічныя «зубы» (сашнікі) неглыбока ўзворвалі зямлю. На тэрыторыі нашай вобласці распаўсюджаны тып з аднаконнай запражкай, але з пач. ХХ ст. самаробны і цалкам жалезны плуг трывала ўвайшоў ва ўжытак беларускіх сялян. Яго канструкцыя дазваляла лепш апрацоўваць зямлю.
У народным фальклоры ёсць загадка: стальны пёс у зямлю ўрос. Адказ на яе, магчыма, ведаюць толькі людзі старэйшага ўзросту. Гэта барана. Яна неабходна для рыхлення зямлі. Самая распаўсюджаная — плеценая, мела дугападобную форму, на скрыжаваннях прутоў замацоўваліся дубовыя ці кляновыя зубцы (16-25 шт). У народнай гаспадарцы сустракаецца і жалезная барана фабрычнай вытворчасці. Яе камплектавалі да іншага сельскагаспадарчага абсталявання (плугоў, сеялак). У краязнаўчым музее сярод розных экспанатаў ёсць пута — ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню падчас выпасу, і хамут — асноўная частка збруі.
З дапамогай сявалкі (сявенькі, сеўні) пасыпалі зерне ў апрацаваную зямлю. Яе плялі з саломы, кары, лазы, на дно клалі драўляную дошчачку. Сявалка магла быць рознай формы, да яе замацоўвалі вяроўку ці рэмень, каб надзець на плячо.
У гарачую пару жатвы ў спрытных жаночых руках «ажываў» серп, з паўкруглым ці авальным клінком на драўлянай ручцы. Раней працаўніцы з песнямі зразалі жыта, ячмень, проса, авёс, пшаніцу. Гэта была няпростая фізічная справа. У наш час серп лічыцца сімвалам шчырай працы і выкарыстоўваецца на ўрачыстых зажынках.
Для малацьбы збожжа карысталіся цэпам. Гэта длінная гладкая палка (цапільна) з замацаваным на ёй бічом (кароткая патоўшчаная палка). Абмалочаныя зярняткі веялі драўлянай лапатай, якая называлася веялка ці шуфлік. Затым іх засыпалі ў жорны і малолі. Цяжкая прылада складалася з двух каменных дыскаў, канструкцыя прыводзілася ў рух доўгім кіем. Нямала часу і сіл трэба было прыкласці для атрымання мукі! Да сярэдзіны мінулага стагоддзя жорны былі звычайным атрыбутам кожнай сялянскай хаты. Для прыгатавання круп у быту жанчыны карысталіся ступай (ручной ці нажной) і таўкачом.
Дзякуючы продкам-беларусам, іх старанасці і любові да працы на зямлі, сёння мы бачым створаныя на аснове ручных прылад эфектыўныя механічныя і электронныя машыны, апараты і комплексы.

Юлія ПРЫШЧЭПА.

Аўтар удзячны за дапамогу супрацоўнікам Гарадоцкага краязнаўчага музея пры падрыхтоўцы матэрыялу.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *