Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, у ДУК «Культурна-асветніцкі цэнтр «Гарадок» і сетцы публічных бібліятэк» адбыўся конкурс чытачоў «Чытаем вершы па-беларуску».
Чароўныя радкі гучалі з вуснаў юных талентаў. З вялікім захапленнем вучні чыталі вершы нашых знакамітых аўтараў. Кампетэнтнаму журы ў складзе спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Я.А. Лявонавай, намесніка культурна-асветніцкага цэнтра І.В. Адаменкі і загадчыка Гарадоцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.А. Кулаковай нялёгка было ацэньваць таленавітых выканаўцаў — вучняў 3-11-х класаў гарадскіх школ у чатырох узроставых катэгорыях.
Вядучая мерапрыемства Вольга Данілава з супрацоўнікамі бібліятэкі ў перапынках займала ўдзельнікаў конкурса цікавымі гульнямі.Таксама іх увазе быў прадстаўлены дакументальны фільм пра нематэрыяльную культурную спадчыну Гарадоччыны, створаны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Пераможцамі ў сваёй узроставай катэгорыі сталі навучэнцы СШ № 1 г. Гарадка імя І.Х. Баграмяна: Дзмітрый Куськоў, Анастасія Дзясятнікава, Кірыл Чулкоў і Алена Ніканенка, а таксама СШ № 2 г. Гарадка імя А.П. Сабалеўскага: Ульяна Аўтушкова і Уладзіслаў Самсонаў.
На другім месцы — навучэнцы СШ № 1 г. Гарадка імя І.Х. Баграмяна: Анастасія Нікалашына, Арцём Лучнікаў, Вікторыя Лаковіч, а таксама вучні СШ № 2 г. Гарадка імя А.П. Сабалеўскага: Анастасія Герасімава і Ангеліна Каралёва.
Трэцяе месца — у вучняў СШ № 1 г. Гарадка імя І.Х. Баграмяна: Арцёма Казлова, Мар’яны Цыркуновай, Юліі Міхайлюковай і, адпаведна, — у вучняў СШ № 2 г. Гарадка імя А.П. Сабалеўскага: Альбіны Мазуравай і Вікторыі Балабошкі.
Віншуем юных майстроў з перамогай! Жадаем і далей захапляцца мілагучнай роднай мовай!
Таццяна УЛЬДРЫХ.