ХІІІ раённае свята народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас-2022» адбылося на бас-востраве 4 чэрвеня. Ладзіцца мерапрыемства штогод у гонар знакамітага земляка Канстанціна Вераніцына, паэтычны талент якога яскравай бліскавіцай успыхнуў некалі менавіта на Гарадоччыне.
Удзел у свяце прынялі ганаровыя госці. Падтрымаць удзельнікаў, прадстаўнікоў творчых калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і моладзі прыехаў старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова, дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Шчасны, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая, начальнік Упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі.
Карані і вытокі нашы заключаны ў старажытнай гісторыі, у традыцыях продкаў, у песнях, што саграваюць сэрца цеплынёй і пяшчотай, ва ўзнёслай прыгажосці народных танцаў, у непаўторным харастве самабытных рамёстваў — і ўсё гэта заўжды шырока прадстаўлена на «Гарадоцкім Парнасе».
— За 13 гадоў існавання фестываль стаў значнай падзеяй у культурным жыцці Гарадоцкага раёна. Адметная рыса мерапрыемства ў тым, што яно вучыць нас берагчы свае карані, з павагай ставіцца да культурных традыцый народа. Сёння, калі кожны чалавек імкнецца ўсюды паспець, асаблівае значэнне набываюць вечныя каштоўнасці, якія нясуць у сабе магутны зарад энергіі, назапашанай за стагоддзі нашымі продкамі. Шматлікія мерапрыемствы і спаборніцтвы, што праходзяць у межах свята, скіраваны на захаванне і папулярызацыю традыцый Гарадоцкага края, звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Пётр Карабач. — Да таго ж «Гарадоцкі Парнас» — гэта месца сустрэчы са славутымі землякамі, якія не губляюць чулых адносін да сваіх вытокаў.
— Свята ў гонар знакамітага земляка — гэта добрая ініцыятыва, якая збліжае людзей, — пачаў сваю прамову Уладзімір Уладзіміравіч. — Як дэпутат хачу сказаць, што на пряцягу апошняга года мы вялі сур’ёзную працу разам з Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь. Да нас прыязджаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, мы вялі перамовы і вось ўжо накіравалі апошняе пісьмо, у якім звяртаемся з просьбай аб правядзенні ў наступным годзе рэспубліканскага свята беларускай пісьменнасці менавіта на Гарадоччыне. Гэта вельмі ганарова. Да таго ж у межах падрыхтоўкі да свята будзе шмат чаго зроблена ў сацыяльнай сферы.
Адным з галоўных момантаў свята стала ўручэнне прэміі «Зямляк года» Уладзіміру Вашчанка і Віктару Шылко. Уладзімір Аляксандравіч нарадзіўся і вырас ў Бычысе. З 2011 па 2021 гг. займаў пасаду міністра па надзвычайным сітуацыям Рэспублікі Беларусь. З 2014 па 2020 гг. пад яго кіраўніцтвам увасоблены ў жыццё праекты па будаўніцтву і рэканструкцыі будынкаў ПАРЧ у Гарадку і аг. Бычыха, упарадкаваны месцы адпачынку. Віктар Шылко нарадзіўся ў в. Зарэчча. З 1986 г. — член Саюза мастакоў. Яго творчасць займае асаблівае месца ў культуры Беларусі, працы выстаўляліся не толькі ў нас, але і ў Расіі, Латвіі, Германіі, Славеніі і інш. Дарэчы, адну з карцін мастак перадаў раённаму краязнаўчаму музею.
Яшчэ шмат цікавых пляцовак і спаборніцтваў было падрыхтавана для гасцей раённага свята. Каманды працоўных калектываў гатавалі юшку, мужчыны выявілі, хто самы дужы і спрытны, дзяўчаты вызначалі, у каго самая доўгая каса, а таксама ў межах свята адбыўся абласны пленэр па спіральным пляценні.
Падрабязней пра ўсё гэта чытайце ў наступным нумары нашай газеты.
Юлія РУДЗЯКОВА.