Тарас у Гарадку сустракаў гасцей — шмат весяліўся і смачна еў!

Эхо события

У мінулым нумары мы пачалі расказваць вам, паважаныя чытачы, як у раёне ладзілася свята народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас-2022» у гонар знакамітага земляка К. Вераніцына. Зараз мы падрабязней узгадаем асноўныя моманты мерапрыемства.


Важны складнік фестывалю — народныя рамёствы, бо менавіта яны з’яўляюцца адметнай часткай нашай культурнай спадчыны. У іх увасобілася неабдымная, вечна жывая душа народа, яго багаты практычны вопыт і эстэтычны густ. Сярод усяго багацця і разнастайнасці традыцыйных рамёстваў Віцебшчыны, пачэснае месца займае тэхналогія спіральнага пляцення. У 2020 г. яна ўнесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Адметна, што ўпершыню ў межах фестывалю адбыўся абласны пленэр па спіральным пляценні, удзельнікамі якога сталі майстры мастацкіх народных рамёстваў з Віцебска, Аршанскага, Чашніцкага, Дубровенскага і Талачынскага раёнаў, а таксама майстры і ўдзельнікі гурткоў Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору. На працягу канцэртнай праграмы майстры крок за крокам стваралі прыгожыя, дасканалыя па форме рэчы, а напрыканцы прэзентавалі свае вырабы. Па выніках правядзення абласнога пленэру спецыяльнымі сертыфікатамі ўсіх яго ўдзельнікаў узнагародзіла загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Лілія Рэзкіна.
Паэзія — нязменная частка творчасці, таму мастацкаму слову — асаблівае значэнне. Да прысутных з прамовай звярнулася наша зямлячка, таленавітая пісьменніца і паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Саюзнай дзяржавы Наталля Саветная. Таксама казачнымі радкамі, якія народжаны сэрцам, з прысутнымі падзялілася Святлана Студзянцова, якая 35 год адпрацавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 1 г. Гарадка. Нездарма свята «Тарас на Парнасе» мае міжнароднае значэнне — талент і натхненне не маюць межаў. Менавіта таму на сцэну запрасілі госця з Пскова, загадчыка сектара метадычнай работы культурнага цэнтра Упраўлення МУС па Пскоўскай вобласці, паэта, лаўрэата Міжнародных і Усерасійскіх фестываляў і конкурсаў, міжнароднага тэлевізійнага конкурса «Национальное достояние-2022» Уладзіміра Іванова. Бліжэй пазнаёміцца з творцамі кожны жадаючы мог падчас літаратурных чытанняў.
Таксама ў межах свята ўжо ў Х раз праходзіць конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса?». Сёлета ён сабраў 18 удзельнікаў. Лепшых з лепшых узнагародзілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова, старшыня Гарадоцкага райсавета дэпутатаў Святлана Зуева, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая.
Гасцінны і шчодры «Гарадоцкі Парнас» заўжды багаты на пачастункі. Штогод на тэматычных падворках шырока прадстаўлены традыцыйныя стравы нашай самабытнай кухні. І сярод іх — наш гастранамічны брэнд — дранікі. Дарэчы, Гарадоцкі раён адзін з 15 у вобласці, у якім па рашэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады пры Міністэрстве культуры дранікам нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Калі гаворка зайшла пра прысмакі, самы час узгадаць і ІІІ раённы конкурс на лепшую юшку з рыбы, удзел у якім прынялі 14 каманд прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада і раёна. Сярод асноўных момантаў, якія ацэньвала журы — уладкаванасць месца прыгатавання, смак стравы, а таксама яе прэзентацыя на галоўнай сцэне.
Журы ў складзе старшыні райаб’яднання прафсаюзаў Ларысы Пальчыкавай, старшыні райарганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Груганавай, старшыні РА РГА «Белая Русь» Таццяны Пушковай, першага сакратара РК ГА «БРСМ» Святланы Быцко было няпроста вызначыць лепшых, бо ўсе каманды да справы падыйшлі сур’ёзна і з поўнай самааддачай. Так, у намінацыі «Рыбнае багацце» перамагла каманда РКП «ЦУАСП». «Лепшая прэзентацыя юшкі» — зборная каманда сельвыканкамаў, «Лепшая візітоўка каманды» — УЗ «Гарадоцкая ЦРБ», «Лепшае афармленне хаціны рыбака» — ДУА «Яслі-сад № 2 г. Гарадка», «Самы арыгінальны рэцэпт юшкі» — ДУ ТЦСАН, «Самы крэатыўны кіраўнік–юшкавар» — ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», «Даеш, моладзь!» — ДЛГУ «Гарадоцкі лясгас». «Прыз глядацкіх сімпатый» атрымалі зборная каманда РГЗ і РЭС, каманда райвыканкама. І, галоўная інтрыга, Гран-пры конкурсу – ДУ «Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый».
Не абыйшлося свята і без спартыўных спаборніцтваў. У мінулым годзе ўпершыню быў праведзены конкурс «Уладар лесу». Сярод сямі каманд устаноў і арганізацый горада лепшы ўзровень валодання спецыфікай лясной гаспадаркі, пазаканкурэнтныя спрытнасць і сілу паказалі прадстаўнікі каманды Гарадоцкага РГЗ, на другой ступені — Гарадоцкі лясгас, на трэцяй — КУВП «Гарадоцкае ПКіЦС».
Асобна хацелася б выказаць словы ўдзячнасці артыстам, якія на працягу дня забаўлялі аўдыторыю. У гэтым годзе, акрамя мясцовых талентаў, на свята да нас завіталі творчыя калектывы з абласнога цэнтра — вакальны ансамбль «Арыён» і дэлегацыя членаў Віцебскай абласной грамадскай арганізацыі сталых людзей «Залаты ўзрост».Вось так на Гарадоччыне прайшло свята, калі не ўдавацца ў падрабязнасці. Распавядаць можна яшчэ шмат пра што, а яшчэ лепш запытацца ў тых, хто весяліўся, удзельнічаў у спаборніцтвах, гатаваў і спрабаваў найсмачнейшую ў свеце юшку. Мы ўпэўненыя, што ўспамінаў і ўражанняў у іх хопіць яшчэ на доўгі час.

Юлія РУДЗЯКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *