Біяграфія кожнага чалавека — гэта непаўторная гісторыя са значнымі ўздымамі, падзеямі, момантамі. Мы імкнемся сустрэцца з людзьмі сталага ўзросту, чый жыццёвы вопыт і мудрасць, бясспрэчна, можна назваць сапраўднай каштоўнасцю. Наша субяседніца з цікавым імем — гарадакчанка Жэня Гаравая — шчыра расказала пра сваё дзяцінства, якое прыйшлося на гады вайны, старанную шматгадовую працу і любімую сям’ю.

Жэня была першым дзіцём у Мікіты Андрэевіча і Аляксандры Паўлаўны Івановых. Сям’я жыла ў в. Вараб’і (каля трэцяга возера — Шчарбакоўскага), у 1937-м пераехалі ў Гарадок на вуліцу Весялуха (цяперашняя — Чкалава). Бацькі працавалі ў арцелі «Шорнік»: бацька рабіў збрую для коней, а маці загатаўляла ў валяльным цэху валёнкі. Праз некалькі гадоў нарадзіліся Сцяпан і Валянціна. Спакойнае жыццё Івановых разбурыла паведамленне пра вайну.
«Вайна прыйшла ў наш край у звычайны цёплы, сонечны дзень. Памятаю, што ляцелі самалёты з крыжамі… а потым пачаліся выбухі. Наша сям’я разам з усімі людзьмі пабегла ў лес хавацца. Калі троху сцішэла, вярнуліся дадому», — кажа суразмоўца. У пачатку ліпеня мы развіталіся з татай і дзядзькай Аляксандрам, іх адпраўлялі на мабілізацыю. «Глядзі, слухай маці, я вярнуся, прывязу падарункаў» — узяўшы мяне на рукі, сказаў татка. Не паспеў цягнік падысці да Залучча, як з неба паляцелі варожыя бомбы… На шчасце, мае родныя выжылі. Яны дайшлі да Масквы, перажылі цяжкія бітвы, атрымалі сур’ёзныя раненні».
Аляксандра Паўлаўна з малымі дзеткамі перажыла шмат дзён у акупацыі. Перайшла жыць да сваякоў, бо нямецкая хеўра пажадала размясціць штаб і афіцэрскую кухню ў доме Івановых. Ранняй вясной 1944-га, калі ішлі абарончыя баі з фашыстамі, гарадское насельніцтва хавалася ў в. Ноўка і Смалоўка, у лясах і на тэрыторыі старога шклозавода. Жылі ў шалашах… Калі стала бяспечна, Аляксандра з дзецьмі вярнулася дадому. Пасадзілі пакінутую немцамі бульбу і спадзяваліся на добры ўраджай.
Жэня Мікітаўна прамаўляе слова «Перамога» са слязамі на вачах і цёплай усмешкай. Сапраўды, для яе, васьмігадовай дзяўчынкі ў той час, гэта слова было сімвалам заканчэння бясконцага страху, выпрабаванняў, цяжкасцяў.
У мірны перыяд наша гераіня скончыла 7 класаў мясцовай школы, працавала матальшчыцай у арцелі «Чырвоны Кастрычнік», перанімала вопыт маці-перадавіцы. Потым асвоіла ткацтва дываноў у Гарадоцкім КБА. Амаль 30 гадоў у лёгкай прамысловасці! Дарэчы, вырабленыя яе стараннымі рукамі дываны і сёння ўпрыгожваюць хатні інтэр’ер. Лёс звязаў Жэню Мікітаўну з добрым чалавекам — Антонам Гаравым, ён родам з Глыбоччыны, вучыўся ў Гарадоцкім сельгастэхнікуме. Маладыя пазнаёміліся на вечарыне 8 сакавіка, амаль праз год, 23 лютага, пабраліся шлюбам. 47 гадоў яны пражылі шчасліва і дружна, паважалі адзін аднаго. У добрых, шчырых, простых людзей нарадзіліся два сыны — Леанід і Сяргей. Яны застаюцца галоўным гонарам для сваёй маці. Дарослыя ўнукі (малодшая ўнучка – залатая медалістка гэтага году) і першы малы праўнук — таксама сапраўднае шчасце для бабулі. Жэня Мікітаўна расказала нам шмат асабістых гісторый і выпадкаў. Жыццё такое — напалову з усмешкай і слязой. Зараз 85-гадовая гарадакчанка рада дапамозе і паважліваму стаўленню дзяцей, унукаў, маладых сваякоў. Яна абавязкова перадасць мудрыя запаветы ўдзячным нашчадкам.
Юлія ПРЫШЧЭПА.
