
21 лютага адзначаецца Сусветны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў чытальнай зале сектара дзіцячай і юнацкай літаратуры Гарадоцкай цэнтральнай бібліятэкі прайшла літаратурная гадзіна «З любоўю да роднага слова».
Яе ўдзельнікамі сталі маленькія наведвальнікі і частыя госці бібліятэкі – выхаванцы дзіцячага сада № 2. Падчас сустрэчы дзеці не толькі паказалі свае веды, але і праявілі кемлівасць і спрыт. Яны з ахвотай размаўлялі на беларускай мове, удзельнічалі ў конкурсах і гульнях «Беларускі кракадзіл», «Шпак», «Назаві адным словам», «Адзін лішні». Акрамя таго, хлопчыкі і дзяўчынкі паслухалі верш Кастуся Цвіркі «У кнігарні» і апавяданне «Якія сябры жывуць у двары».
Напрыканцы сустрэчы маленькім жыхарам Гарадка паказалі мультфільм кінастудыі «Беларусьфільм» «Прыгоды Несцеркі». Мерапрыемства атрымалася насычаным і цікавым.


