Па жыцці з мовай

Актуальное

Беларуская мова — гэта скарб нашага народа, якім варта ганарыцца. Пакуль мовай карыстаецца хоць адзін чалавек, яна існуе. Асобую павагу заслугоўваюць настаўнікі, пісьменнікі, носьбіты мовы. Напярэдадні святочнай даты мы завіталі да Людмілы Анатольеўны Фірсавай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдней школы № 2 г. Гарадка, каб даведацца пра яе выбар прафесіі.

— Людміла Анатольеўна, чаму вы абралі менавіта беларускую мову? Што паўплывала на ваш выбар?
— Я марыла стаць настаўніцай з дзяцінства. Усе гульні былі звязаны са школай, у той час гэта прываблівала. Мне блізка вясковае жыццё, таму што ў летні час я адпачывала ў дзядулі і бабулі. Усе святы адзначаліся ў беларускіх традыцыях, што таксама запомнілася. А яшчэ на мой выбар паўплывалі добрыя настаўнікі. Марыя Іванаўна Верціхоўская пакінула глыбокі адбітак у сэрцы, прывіла любоў і павагу да матчынай мовы. Нягледзячы на добрае веданне рускай мовы, я выбрала беларускую. Падчас майго паступлення ў грамадстве шмат увагі надавалася роднай мове, гэта падштурхнула мяне зрабіць свой выбар.
— Якія выкладчыкі сталі добрым прыкладам для вас?
— Я вучылася на завочным аддзяленні ў Віцебскім інстытуце імя Кірава. Адразу ўспамінаю Анатоля Канапельку, паэта, выкладчыка, яго цікавыя лекцыі, незабыўныя разважанні. Вучыцца мне падабалася, тэарэтычныя веды, набытыя ў інстытуце падчас сесій, давалі адказы на пытанні ў педагагічнай дзейнасці.
— Якія творчыя моманты прысутнічаюць у вашай працы?
— Я люблю далучаць дзяцей да беларускай мовы, каб яны чулі яе, разумелі. Я імкнуся правесці ўрокі запамінальна, з цікавымі фактамі, віктарынамі, праглядам фільмаў, створаных на аснове беларускіх твораў. Традыцыйнымі сталі паездкі ў тэатр, на экскурсіі ў беларускія гарады, музеі, па гістарычных мясцінах. Пра гэта сведчаць шматлікія фотаздымкі з конкурсаў, турпаходаў, канцэртаў, дзе актыўна прымалі ўдзел мае вучні і іх бацькі.
— У чым сакрэт вашага прафесійнага майстэрства?
— Галоўнае — шчырая любоў да дзяцей і сваёй справы. Я заўсёды з адкрытай душой іду да вучняў, яны гэта адчуваюць. Я хачу, каб яны сталі не толькі інтэлектуальна развітымі, але і былі адаптаваныя ў грамадстве, не цураліся роднай мовы і ганарыліся ёй. Прыемна, што некаторыя мае вучні таксама абралі шлях настаўніцтва, атрымалі філалагічную адукацыю. Няхай яны будуць шчаслівыя.
— Якім вам бачыцца сучаснае становішча беларускай мовы?
— Добра, што Дзень роднай мовы ў нашай краіне святкуецца, ён вяртае нас да вытокаў, прымушае задумацца над статусам мовы, яе развіццём. Калісьці Францішак Багушэвіч трапна сказаў: «мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». У школе 21 лютага мы плануем шэраг мерапрыемстваў, і, безумоўна, будзем размаўляць па-беларуску. Штогод мы рыхтуем розныя тэматычныя імпрэзы: інсцэніраваныя беларускія казкі, паэтычныя вечары, музычныя пастаноўкі і г. д. Пакуль існуе зацікаўленасць дарослых і дзяцей, ініцыятыва і творчасць, родная мова не будзе забытая.
— Людміла Анатольеўна, што вы пажадаеце аматарам беларускай мовы і ўсім нашым чытачам?
— Заставайцеся беларусамі. На маю думку, мы самая лепшая нацыя, бо беларусы адкрытыя, шчырыя, гасцінныя. Усе лепшыя характарыстыкі можна аднесці да нашага народа.

Юлія ПРЫШЧЭПА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *