За ўклад і развіццё культуры краіны

Актуальное Культура

Гарадоцкі філіял «Дом рамёстваў і фальклору» Цэнтра традыцыйнай культуры працягвае радаваць прыемнымі навінамі. Народны майстар і загадчык філіяла Марына Гушча ўдастоена гранта Прэзідэнта на 2020 г. Акрамя таго, на калегіі Міністэрства культуры яна атрымала нагрудны знак «За ўклад і развіццё культуры Беларусі».

Прэзідэнцкія гранты атрымалі 98 работнікаў арганізацый навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры, якія накіраваны на падтрымку таленавітых спецыялістаў у прыярытэтных для краіны сферах дзейнасці.
Марына Гушча атрымала грант на рэалізацыю праекта па развіццю тэхналогіі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна. Нагадаем, што Гарадок лічыцца адзіным горадам у нашай краіне, дзе больш за 25 гадоў народныя майстры актыўна развіваюць тэхніку ажурнага ткацтва.
— Штомесячныя гранты будуць накіраваны на стварэнне ручнікоў, абсталявання і прылад для ткацтва, правядзенне выстаў і конкурсаў па ткацтву, а таксама правядзенне ва ўстановах адукацыі і дамах рамёстваў вобласці майстар-класаў. Гэта дасць магчымасць яшчэ больш папулярызаваць ажурнае ткацтва, як адну з унікальных тэхнік вырабу, — кажа майстар.
7 лютага адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў сферы культуры па выніках працы за 2019 г. Міністр культуры Юрый Бондар узнагародзіў Марыну Леанідаўну нагрудным знакам «За ўклад і развіццё культуры Беларусі».

Майя САЛДАЦЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *