Скарб традыцый жыве ў сучаснасці

Актуальное

9 красавіка ў Гарадоцкім раённым краязнаўчым музеі адбылася выстава карцін выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва МГФ ВДУ імя П.М. Машэрава «Традыцыі і сучаснасць».

У аглядавай зале сабраліся госці з Віцебска і сапраўдныя прыхільнікі таленту і хараства.
Падчас афіцыйнай часткі дырэктар музея Крысціна Нікалаева прадставіла арганізатараў выставы — дэкана мастацка-графічнага факультэта Алену Сакалову, загадчыка кафедры выяўленчага мастацтва Дзмітрыя Сянько, выкладчыкаў Генадзя Ісакава і Вадзіма Осіпава, які з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў.
А. Сакалова адзначыла, што выстава прысвечана 110-годдзю ВДУ, а таксама 60-годдзю старэйшага, адзінага ў краіне факультэта. «Прадстаўленыя працы, безумоўна, прыйдуцца даспадобы дарослым і юным наведвальнікам. Мы шчыра зацікаўлены ў пошуку таленавітай моладзі, якой зможам перадаць багаты вопыт і натхніць на новыя ідэі», — дадала дэкан факультэта.
Марына Здольнікава, намеснік старшыні Гарадоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях, падзякавала за магчымасць дакрануцца да мастацтва вобразаў і сэнсу і паабяцала падтрымліваць далейшае супрацоўніцтва і заахвочваць навучэнцаў да паступлення на ўнікальны факультэт. Наш зямляк Вадзім Осіпаў даў агульную характарыстыку экспазіцыі, дзе кожны экспанат спалучае ў сабе класічны падыход і сучасныя тэхнікі і прыёмы. Прысутныя мелі магчымасць натхніцца жывапісам і партрэтамі, выкананымі акварэллю, акрылам, алеем. Разважаючы над вобразамі, кожны адчуў нешта блізкае свайму стану.
Выстава будзе доўжыцца да 30 красавіка.

Юлія ПРЫШЧЭПА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *